Беларускі фрыстайліст Станіслаў Гладчанка ўпаў у суперфінале і заняў 6-е месца


Фрыстайл

У чарговы дзень Алімпіяды нашыя надзеі на медальны выступ былі звязаныя з лыжнай акрабатыкай. Наш фрыстайліст Станіслаў Гладчанка выйшаў у суперфінал, там выканаў самы складаны скачок сярод усіх шасці апанентаў, аднак упаў пры прызямленні, і толькі шосты вынік. Золата тут заваяваў украінец Аляксандр Абраменка, срэбра ў кітайца Цзя Цзун Яна, трэці – атлет з Расеі Ілля Бураў.

Было сёння нашае прадстаўніцтва і ў спаборніцтвах горналыжнікаў. Па-ранейшаму мы ў гэтым відзе спорту далёка за межамі першых дзясяткаў, а ў гіганцкім слаламе прадстаўнік Беларусі Юрый Данілачкін фінішаваў толькі 54-тым. Не было роўных у гэтым відзе аўстрыйцу Марсэлю Гіршэру, які пакінуў за спінаю ўсіх сваіх апанентаў, а гэта золата сталася для яго другім у Пхёнгчхангу. Раней ён быў найлепшы ў суперкамбінацыі. Лыжнікі сёння высветлілі наймацнейшага ў эстафеце чатыры па 10 кіламетраў. Перамога дасталася нарвежцам, далей фінішавалі расяяне і французы. У канькабежным спорце золата заваявала японка Нао Кодаіра. На дыстанцыі 500 метраў яна ўсталявала новы рэкорд гульняў – 36 цэлых 94 сотыя секунды. Адзіная прадстаўніца Беларусі, дэбютантка Алімпіяды Ксенія Садоўская, заняла 30-ты радок.

Біятлон

З дапамогаю фотафінішу сёння выявілі пераможца ў мужчынскай біятлоннай гонцы з масавага старту. Француз Мартэн Фуркад апярэдзіў немца Зымана Шэмпа на 15 сантыметраў, а па часе гэта адпавядае 14-ці мілісекундам. Дзякуючы гэтаму золату Фуркад стаўся чатырохразовым алімпійскім чэмпіёнам, бронза ў масстарце дасталася нарвежцу Э́мілю Гэгле Свэнсэну.

Даўнавата мы не чулі навінаў, звязаных з ужываннем допінгу, і вось вам калі ласка. А звязаная гэта тэма зноў з алімпійскімі атлетамі з Расеі. «Проба А» кёрлінгіста Аляксандра Крушальніцкага дала станоўчы вынік на мельдоній. Нагадаю, што Аляксандр у пары са сваёй жонкай Анастасіяй Брызгалавай выгуляў бронзу ў дабл-міксце. «Пробу Б» расейскага атлета распячатаюць заўтра раніцаю, а сам спартовец пры гэтым можа прысутнічаць. Тым часам у агульнакамандавым заліку Алімпіяды змяніўся лідар: на першае месца выйшла зборная Нарвегіі, у якой ужо 26 узнагародаў: 9 залатых, столькі ж срэбраных і 8 бронзавых медалёў. На другі радок перасунулася Нямеччына, Нідэрланды па-ранейшаму захоўваюць трэцюю пазіцыю. Беларусы з дзвюма ўзнагародамі застаюцца на 15-м радку, расяяне замыкаюць дваццатку.

Тэніс

Роджэр Фэдэрэр стаў пераможцам буйнога тэніснага турніру ў галандскім Ротэрдаме. У фінале спаборніцтваў швейцарац, які пасля гэтага турніру стаў першаю ракеткаю свету, сустракаўся з балгарынам Грыгорам Дымітравым, які ў планетарным спісе на пятым радку.

Сапраўднай барацьбы на корце не атрымалася, што і пацвярджаюць і выніковыя лічбы на табло. Фэдэрэр не даў апаненту ўсумніцца ў тым, што на сённяшні момант ён значна мацнейшы за Дымітрава, а перамог яго ў двух сэтах з аднолькавымі 6:2. На корце супернікі не правялі і гадзіны, а за 55 хвілінаў, што працягвалася сустрэча, Роджэр зрабіў тры брэйкі і 4 эйсы, двайных памылак не дапусціў. Гэты тытул стаўся для Фэдэрэра 97-м у кар’еры, за вікторыю ён атрымаў 500 рэйтынгавых балаў, а ягоны банкаўскі рахунак папоўніцца на чатырыста адну тысячу еўраў.

Хакей

На Алімпіядзе завяршыўся групавы этап хакейнага турніру, па выніках якога сфармавалася сетка плэй-оф. Наўпрост у чвэрцьфінал трапілі 4 каманды: Швецыя, Канада, Расея і Чэхія. Яшчэ чатыры дружыны з васьмі адбяруцца па выніках стыкавых матчаў, а пары наступныя: Швейцарыя – Нямеччына, Фінляндыя – Карэя, Славенія – Нарвегія і ЗША – Славаччына. Двубоі папярэдняга раўнду пройдуць у аўторак, у сераду ўжо адбудуцца чвэрцьфіналы.

 

Фота – Sergei Bobylev/TASS