Беларуская гаспадарка ляснулася, паднялася і хутка зноў ляснецца


Эканоміка Еўразвязу збольшага пераадолела пазыковы крызіс, які пачаўся 10 гадоў таму, і цяпер – на дарозе да здаровага аднаўлення. Заява, агучаная Еўракамісіяй на гэтым тыдні, парадавала не толькі еўрапейцаў. Дзякуючы еўрапейскаму попыту, кошты на нафту павялічыліся з пачатку года на 11 % і трымаюцца стабільна ля адзнакі $ 50 за барэль. Для Беларусі гэта азначае вышэйшыя прыбыткі ад экспарту нафтапрадуктаў і багацейшы расейскі рынак для айчынных харчоў ды тэхнікі.

Прадаем больш, чымся купляем

Беларускі экспарт нафтапрадуктаў і калію ў грашовым выражэнні вырас сёлета на 19 % і 25 %, адпаведна. Яшчэ больш падскочылі продажы, пераважна ў Расею, малака, цяжкавікоў, станкоў і сельскагаспадарчай тэхнікі. Па выніках паўгоддзя нашая краіна прадала тавараў і паслуг на $ 420 млн больш, чым купіла.

Ранейшыя пазіцыі адваяваць не можам

Менскі аўтазавод хоць і павялічвае свае продажы ў Расею, але робіць гэта значна павольней, чым астатнія канкурэнты. У выніку, паводле долі тамтэйшага рынку, ён скаціўся з 3-га месца на 6-е. Тое ж датычыць і тэмпаў эканамічнага росту. Беларусь, згодна з гэтым паказнікам, у разы адстае ад сярэдняга ў свеце ўзроўню.

Ажыўленне бізнес-цыклу, якое адбываецца цяпер у свеце, непазбежна закончыцца запавольваннем праз 2–3 гады. Пры існых тэмпах эканамічнага росту нерэфармаваная беларуская эканоміка да таго часу не паспее вярнуцца нават да ўзроўню дакрызіснага 2014 года. І калі для развітых краінаў запавольванне будзе азначаць замацаванне дасягнутага, то нашай краіне, у выпадку адсутнасці рэформаў, яно пагражае чарговым крызісам.

Станіслаў Івашкевіч, «Белсат», фота: Viktor Drachev / TASS / Forum