Беларуская эканоміка: лічбы прыгожыя, а гаманцы пустыя


Пра высокі прырост валавога ўнутранага прадукту ўрад сказаць пакуль не можа. Больш за тое, у апошнія гады ВУП толькі скарачаўся. І вось першыя афіцыйныя ацэнкі за гэты год: у студзені-красавіку эканоміка вырасла, пакуль толькі на 0,5 %.

Раней прэм’ер-міністр Андрэй Кабякоў, які запэўнівае, што Беларусь выходзіць з рэцэсіі, агучыў прагноз на ўвесь 2017 год – рост ВУП на адну 1,7 %. Але аптымізм ураду не падзялілі міжнародныя фінансавыя структуры: МВФ, Сусветны банк, Еўразійскі банк развіцця і Еўрапейскі банк рэканструкцыі ды развіцця – усе яны на гэты год прагназуюць падзенне беларускай гаспадаркі. Пры гэтым пытанне выклікае самое вымярэнне ў ВУП у кантэксце беларускай эканамічнай палітыкі.

«Ва ўсім свеце ў рынкавай эканоміцы, калі прадукцыя вырабленая, то на яе ёсць пакупнікі, ёсць замовы, яна аўтаматычна лічыцца прададзенай. Тая ж справа і ў Беларусі, з той толькі розніцай, што ў Беларусі тая прадукцыя, што вырабляецца часта нікому і не патрэбная», – звяртае ўвагу эканаміст Леў Марголін.

Ці ёсць куды прадаваць?

Новыя звесткі Белстату адносна росту прамысловай вытворчасці, на амаль 5,5 % за першыя чатыры месяцы года, выклікаюць пытанні. Ці спрыяе павелічэнне прадукцыі машынаў і абсталявання, вырабаў з дрэва, хімічных прадуктаў якаснаму росту гаспадаркі? І ці ёсць куды прадаваць, калі пазіцыі аслабленыя нават на асноўным рынку збыту, у Расеі?

На гэтым фоне ўжо больш за два гады рэальныя прыбыткі насельніцтва, то бок з улікам падаткаў і зменаў коштаў, падаюць. У першым квартале года зафіксаванае скарачэнне на больш як 2 %, беларусы працягваюць забіраць з банкаў валютныя ўнёскі.

Адчуваць эканамічны рост на сваіх гаманцах беларусы не будуць і надалей, калі паказнікі ў гаспадарцы з колькасных не пяройдуць у якасныя.

«Крыніцаю сапраўднага росту, могуць быць толькі інвестыцыі. Прамыя інвестыцыі, якія ідуць на пашырэнне, на паглыбленне, на абнаўленне прадукцыі, на падвышэнне прадукцыйнасці працы. У нашай краіне інвестыцыі ў асноўны капітал на жаль не растуць», – тлумачыць спадар Марголін.

Няма і структурных рэформаў, пра якія ўвесь час цвердзяць незалежныя беларускія эканамісты і міжнародныя эксперты. У першую чаргу, у дзяржаўным сектары, дзе стратныя прадпрыемствы паглынаюць танныя крэдыты і субсідыі. У той час, як гэтае падтрыманне магло б стаць імпульсам для перспектыўных арганізацыяў.

Таццяна Рэут, «Белсат»