Беларуская дзяржава супраць гомасексуалаў


Цярпімых да прадстаўнікоў ЛГБТ-супольнасці беларусаў – меншасць.

Імаверна, Міністэрства ўнутраных справаў Беларусі справакавала пачатак новага руху. Гэштэг #НеПадробка (#НеПодделка) у сацыяльных сетках стаў адказам беларусаў, абураных з пазіцыі сілавікоў.

Пад петыцыяй супраць гамафобнай заявы Міністэрства ўнутраных справаў падпісаліся ўжо болей за 700 чалавек. Актывісты, праваабаронцы і звычайныя грамадзяне абураныя рэакцыяй ведамства на вясёлкавы сцяг над брытанскай амбасадай у Менску.

«ЛГБТК-плюс людзі ёсць раўнапраўнымі чальцамі беларускага грамадства. Іхныя правы і свабоды рэгламентаваныя Канстытуцыяй і заканадаўствам Рэспублікі Беларусь. МУС – гэта адзін з тых органаў, які мусіць абараняць гэтыя правы. А таксама права на гонар і годнасць», – кажа Алег Ражкоў з ініцыятывы «Журналісты за талерантнасць».

Але замест абароны бачым атаку. «Мы за сапраўднае!» – заява МУС пад такім загалоўкам з‘явілася на старонцы ведамства напярэдадні.

«Прадстаўнікі аднаполых адносінаў люта адстойваюць сваю пазіцыю, нягледзячы на асновы і традыцыі, якія склаліся ў грамадстве. Як ні круці, але аднаполыя адносіны – гэта падробка. А сутнасць падробкі заўсёды аднолькавая – абясцэньванне ісціны. ЛГБТ-супольнасць і ўся гэтая барацьба за «свае правы», і сам дзень супольнасці – усяго толькі падробка!», – гаворыцца ў заяве МУС.

Такая афіцыйная рэакцыя на вясёлкавы сцяг, які з’явіўся над амбасадай Вялікай Брытаніі ў Менску сямнаццатага траўня. У гэты дзень адзначаецца Міжнародны дзень барацьбы з гамафобіяй, трансфобіяй і біяфобіяй.

«Вялікая Брытанія адданая прынцыпу недыскрымінацыі паводле якіх-кольвек прыкметаў, у тым ліку паводле прыкметы сексуальнай арыентацыі і/ці гендарнай ідэнтычнасці. Мы поўныя рашучасці прасоўваць і абараняць правы ЛГБТ-людзей», – пісала брытанскае прадстаўніцтва ў Менску на сваёй старонцы ў «Фэйсбуку».

У адрозненне ад нашае краіны. Летась Міжнародная асацыяцыя лесбіянак, геяў, бісексуалаў, трансгендараў і інтэрсексуалаў ацаніла ўзровень роўнасці і павагі беларусаў да ЛГБТ на 13 са 100 %. Паводле даследавання цэнтру «Satio», для сямі з дзесяці беларусаў непрымальна жыць побач з гомасексуалам.

У размове з «Белсатам» жыхары Берасця казалі, што не хочуць, «каб такія па вуліцах хадзілі, побач з іхнымі дзецьмі», што «гэта супярэчыць нашай хрысціянскай веры, праваслаўнай, а ў нашым грамадстве для іх няма месца» і што агулам «гэта паталогія».

Такая пазіцыя цалкам адпавядае афіцыйнай. Непрыняцце гомасексуальнай арыентацыі цягам двух дзесяцігоддзяў транслюецца з самага верху. Кіраўнік Беларусі заяўляў, што яму «не падабаюцца блакітныя» і абяцаў не дапусціць у Беларусі «ані блакітнасці, ані ружовых».

«Лепш быць дыктатарам, чым блакітным, вядома», – заяўляў Лукашэнка.

Супраць такой пазіцыі і «За сапраўдную міліцыю – для ўсіх». У адказ на заяву Міністэрства ўнутраных справаў на платформе Petitions.by пачаўся збор подпісаў пад лістом да Генпракуратуры і МУС з патрабаваннем праверыць законнасць выказванняў ведамства.

«Такога кшталту гамафобныя заявы МУС ёсць чарговым папулісцкім пасылам пра тое, што мы не прагнемся пад Захад, і гэты дыскурс пра правы чалавека – ён ёсць далёкім. Гэта кажа пра тое, што яны не разумеюць, для чаго патрэбныя правы чалавека і да чаго гэта можа прывесці», – кажа ЛГБТ-актывіст Андрэй Завалей.

А прывесці можа да трагедыі. Як гэта адбылося ў 2014 годзе – у Менску пасля гей-вечарынкі збілі 35-гадовага Міхаіла Пішчэўскага. Праз год комы ён памёр у больніцы.

Лола Бурыева