Беларуская дзяржава: Грошай – няма. Інваліды – да пабачэння!


Неабходны ў паўсядзённым жыцці для 72-гадовага магілёўца Уладзіміра Вусіка электравазок праз сем гадоў эксплуатацыі зламаўся. Замест яго сацыяльная служба выдала мужчыну нібыта новы вазок, але, як аказалася, – з бракам.

«Тры гадзіны паездзіў і яна закараціла», – скардзіцца Уладзімір.

Пасля рамонту Уладзімір выявіў у электравазку іншыя хібы

Колы пачалі ездзіць з рознаю хуткасцю, што замінае руху. Да таго ж зарадная прылада, выдадзеная з вазком, не пасавала да яго.

«Яно сто ампернае, а ў мяне 32 ампера. Я месяц падсілкую і выкідвай тады гэты акумулятар», – даводзіць спадар Вусік.

Барацьба за новы электравазок расцягнулася на пяць месяцаў. Толькі пасля абвяшчэння галадоўкі Уладзімір дачакаўся вазка без хібаў.

Ахвяраю сацыяльнай палітыкі стаў і другі магілёвец

Іван Яршоў, які жыве з кардыёстымулятарам. Трэцюю групу інваліднасці, якую давалі бестэрмінова, ён атрымаў яшчэ ў дзяцінстве. Пазней жа маладзён звярнуўся ў медычную ўстанову за індывідуальнаю праграмай рэабілітацыі, дзе яго накіравалі паўторна прайсці медычна-рэабілітацыйную экспертную камісію ды ў выніку – скасавалі інваліднасць.

«Я пачаў запытваць, на якой падставе? Мне нічога не патлумачылі. Сказалі пункт палажэння 11.85, пункт 21 і вытурылі хуценька з кабінета і на гэтым нашая размова скончылася. І я стаў самастойна пісаць, грукаць і высвятляць. Што здарылася, я не ведаю дагэтуль», – абураецца Іван.

Дзяржава хоча менш інвалідаў

Спрабуючы аспрэчыць памылковае, на думку Івана, рашэнне камісіі ён прайшоў менскі раённы і абласны суды. Аднак ніводная ўстанова не стала на ягоны бок. Праз змены ў заканадаўстве цяпер паводле крытэраў атрымання інваліднасці дактары надаюць увагу не толькі дыягназу, але і такім фактарам, напрыклад, як здольнасці чалавека клапаціцца пра сябе самому.

Выпадак Івана Яршова – не адзінкавы. Як адзначае праваабаронца Барыс Бухель, змены ў заканадаўстве, якое рэгулюе сферу аховы здароўя, нярэдка прыносяць больш мінусаў, чым плюсаў.

«Грошай у дзяржавы няма, таму яны шукаюць любыя рэзервы, магчымасці паменшыць выдаткі. Таму атрымліваецца, што сацыяльная абарона часцей за ўсё ўжо на паперы», – тлумачыць ён.

Зменаю заканадаўства ды бяздумнымі рашэннямі чыноўнікаў дзяржава не толькі ашчаджае дзяржаўныя сродкі, але і ўплывае на жыццё людзей. А ў выпадку Івана Яршова яшчэ і пазбаўляе людзей з абмежаванымі магчымасцямі сацыяльнай абароны – зніжак на лекі ды права выйсці на пенсію раней.

Юлія Лабанава, «Белсат»