Беларускамоўны суддзя засудзіў белсатаўцаў


Да абеду рэпарцёрка Кацярына Андрэева і аператар Сяргей Кавалёў былі пакараныя штрафам на Br 1150 кожны, а пасля абеду журналісты Алесь Сіліч і Марыя Арцыбашава атрымалі штрафы па Br 805. Усіх прызналі вінаватымі ў незаконным вырабе медыяпрадукцыі, працы без акрэдытацыі на карысць тэлеканалу «Белсат». Усе чатыры справы разглядаў суддзя Іван Касцян. Журналісты віны не прызнаюць.

«Канешне, рашэнне суда не было нечаканым, працягваць буду, «шоў мусіць працягвацца», з пазітыўнага – суддзя прамаўляў па-беларуску», – зазначыў журналіст Алесь Сіліч.

Улады рыхтуюцца да пратэстаў?

Паводле ацэнак кіраўніцтва «Белсату», актывізацыя пераследу журналістаў тэлеканалу менавіта цяпер азначае, што ўлады рыхтуюцца да пратэставай восені.

«Вырак суду паўплывае толькі ў тым, што гэта такая маленькая шкода, якая можа сапсаваць настрой, але на далейшую працу ніяк не паўплывае. Гэта не першы раз, я асабіста ведаю, што такое можа здарыцца, таму падрыхтаваны загадзя», – кажа аператар Сяргей Кавалёў.

Як вынікае з адмысловага маніторынгу Беларускай асацыяцыі журналістаў, у 2017-ым годзе журналісты «Белсату», з улікам сённяшніх судоў, атрымалі штрафаў на суму, большую за Br 27 тыс.

«Калі ўлада здолее спыніць журналістаў «Белсата» на вуліцах, яна спадзяецца пагасіць восеньскую хвалю пратэстаў, але я думаю, што гэтага не адбудзецца. Я не думаю што гэта ініцыятыва міліцыі ці судоў. Хутчэй за ўсё за гэтым стаяць спецслужбы», – упэўнены журналіст Міхась Янчук.

Па-за ўвагаю сілавікоў не засталіся і рэгіянальныя журналісты

Аліна Скрабунова з Магілёва атрымала трэці, цягам года, адміністрацыйны пратакол, паводле таго самага артыкулу, што і менскія калегі: праца без акрэдытацыі.

Паміж сабою калегі жартуюць – маўляў, працаваць без адміністрацыйнай справы ўжо нават і не прыстойна.

Аркадзь Несцярэнка, «Белсат»