Беларускамоўны прадпрымальнік пабудаваў дом з саломы. Але прастаяў ён нядоўга


Уладзімір Рамановіч нядаўна атрымаў благую навіну: экалагічны дом, які ён будаваў цягам апошніх некалькіх гадоў, згарэў. Дакладная прычына пажару невядомая. Гаспадар звярнуўся па дапамогу ня толькі ў міліцыю, але і да валанцёраў…

Сям’я Уладзіміра Рамановіча, уладальніка брэнду тавараў на беларускай мове belarusam.by» і бацькі дваіх дзяцей, будавала цягам апошніх пяці гадоў. І ноччу ўлетку, і ў дваццаціградусны мароз зімой… А аднойчы зранку раптоўна патэлефанавалі з міліцыі ды сказалі: «Ваш дом згарэў».

«Ад пажарнікаў мы атрымалі такую даведку, што гэта дакладна быў або падпал, або неасцярожнае карыстанне з агнём. Яны адзначылі, што гэта адбылося ад крыніцы, якая занесеная звонку», – кажа Рамановіч.

У райцэнтры Бешанковічы дом Рамановічаў быў цікавосткаю, бо вылучаўся сярод іншых. Ён будаваўся «экатэхналагічна» – сцены складаліся з саламяных цюкоў, якія набывалі ў сельскіх гаспадарках, трамбавалі ды ўкладалі паміж рэйкамі.

Відаць, камусьці гэта не падабалася…

«У нас згарэў дом. І ён будзе новы», – кажа сын прадпрымальніка.

Рамановіч ня звязвае імавернага падпалу са сваёй бізнес-дзейнасцю. Чакае абʼектыўнага следства і ацэньвае матэрыяльныя страты: ад 15-ці да 20-ці тысяч долараў.

Але светам кіруюць ня толькі грошы. На дапаможны заклік Уладзіміра ў сацыяльных сетках адразу ж адазваліся людзі. Валанцёры талакою дапамагалі разбіраць завалы.

«Зямля чуткамі поўніцца. Чуў у інтэрнэце… Тут Таццяна патэлефанавала – прапанавала. Ну, узяў і прыехаў! А чаму б не дапамагчы добраму чалавеку», – кажа валанцёр Алесь Марач.

Сямʼя Рамановічаў хоць і шкадуе пра тое, што адбылося, але аптымізму ня страчвае.

«Проста трэба змагацца далей. Бо асноўны шок мы перажылі, прыйшлі ў сябе. Будзем жыць далей, змагацца», кажа жонка Уладзіміра, Аляксандра Рамановіч.

І сапраўды: што яшчэ рабіць, як не змагацца?

Сцяпан Святлоў, «Белсат»