«Беларуськалій» сапсаваў ваду цэлай вёсцы


Каб папіць, трэба заплаціць. Жыхары вёскі Старыя Цярушкі, якая месціцца недалёка ад Салігорску, вымушаныя самі набываць пітную ваду і дастаўляць яе дадому. Райвыканкам абяцаў зарганізаваць падвоз платнай вады, але да сёння не зрабіў. Пры гэтым калодзежы ў вёсцы запоўненыя вадой амаль даверху.

Калодзежы ў Старых Цярушках поўныя, але гэтаю вадою мясцовыя жыхары толькі мыюцца ды паліваюць гароды, бо для піцця яна не прыдатная.

Вось так у вёсцы цяпер здабываюць пітную ваду. Сарака літраў сям’і з трох чалавек хапае на тры дні. Калодзежная ж вада ўтрымлівае занадта шмат жалеза і нітратаў. Са словаў жыхароў, вінаватыя ў гэтым падземныя працы 6-га рудніка «Беларуськалію», якія пачаліся ў мінулым годзе.

«Раней у нас праблемаў асаблівых з вадою не было. Калодзежы не затапляліся, і ішла чыстая вада. З часам, вось як пайшло больш на шосты руднік, у нас пачаліся затапленні калодзежаў, вада стала зусім непрыдатная», – кажа вясковая жыхарка Зінаіда Грачова.

Пітной вады няма, а вось іншай – хоць адбаўляй. Затапленне сутарэнняў і падворкаў ужо сталася звычайнаю карцінай. І зноў жыхары вінавацяць у гэтым працы «Беларуськалію» – з прычыны падземных вырабатак адбываецца агульнае паніжэнне ўзроўню глебы, і вада з наваколля сцякаецца ў нізіну. У тым ліку на падворкі ды ў лёхі жыхароў вуліцы Савецкай.

«Восем заяваў было – восем камісіяў. Прыязджаюць: мы вам падвязем грунт. Ну, калі вы падвезяце? Ужо канец траўня, мне саджаць трэба. У мяне зямля пух была, у мяне такія харошыя ўраджаі тут былі. На сённяшні дзень прайшла лава тут – і ўсё», – кажа Марыя Муха, яшчэ адна жыхарка Старых Цярушак.

Ліставанне з «Беларуськаліем» жыхары вядуць месяцамі. У адказ прыходзіць абяцанне пабудаваць меліярацыйную сетку ў трэцім квартале 2018 года. Зрэшты, адмысловыя равы ўжо робяць.

Але праект абароны тэрыторыяў, які распрацоўвае для гэтай зоны «Беларуськалій», хутчэй за ўсё не прадугледжвае будаўніцтва водаправода, цвердзіць спецыяліст падраднай арганізацыі.

Гардзей Слагада з Салігорскага прадпрыемства меліярацыйных сістэмаў заяўляе, што ў Цярушках у 90-я пабудавалі воданапорную вежу, але потым высветлілі, што вада са свідравінаў непрыдатная для піцця.

«Я б хацеў паглядзець, вядома, што ў праекце будзе закладзена, але наўрад ці там водаправод будзе закладзены па ўчастках. Іх задача – вярнуць усё, як было да ўмяшання камбінату», – дадае Слагада.

Такім чынам, калі «Беларуськалій» стрымае слова, наступную вясну, магчыма, жыхары Старых Цярушак сустрэнуць з сухімі лёхамі. А вось пітную ваду набываць давядзецца яшчэ доўга, бо будаваць новага водаправоду ў гэтай вёсцы ўлады пакуль не збіраюцца.

Таццяна Белашова