Беларусаў дрэнна лечаць ад раку, бо грошы ідуць на хакей


126 чалавек чакаюць прыёму лекара – і гэта толькі ў адным крыле аднаго паверху Цэнтру анкалогіі і медычнай радыялогіі ў Бараўлянах, пад Менскам. Палічыў пацыентаў прадпрымальнік Віктар Гарбачоў ды распавёў пра чэргі на «Фэйсбуку».

Набраўшы тысячу перапостаў і ўдвая больш рэакцыяў, допіс стаў бадай што самы папулярны за апошні час у беларускім сегменце «Фэйсбуку».

«Калі б праблемы не было, гэтыя тысячы лайкаў і гэтыя тысячы водгукаў, якія я сёння ўбачыў пад сваім каментаром – яны б не існавалі. Ёсць праблема, і яе трэба вырашаць на ўзроўні ўсёй краіны», – упэўнены Віктар Гарбачоў.

Прыярытэты кіраўніцтва краіны іншыя

Як значыцца ў рэспубліканскім бюджэце на 2017-ты, сёлета на Судовую ўладу, праваахоўную дзейнасць і запэўніванне бяспекі ў бюджэце прадугледжана амаль удвая больш, чым на разам узятыя ахову здароўя і ахову навакольнага асяроддзя, ад якога залежыць нашае здароўе.

Пакуль дзяржава не скупіцца на вайсковыя парады, у галоўным анкалагічным цэнтры краіны не стае абсталявання ды лекараў.

Гэткая сітуацыя не толькі ў Бараўлянах

Цягам ужо 7-мі гадоў ад анкалагічнай хваробы лечыцца вядомы фізік Юры Варонежцаў з Гомля. Ён дзякуе лекарам ды не сумняецца, што ў Беларусі працуюць прафесіяналы сусветнага ўзроўню, але…

«Нягледзячы на ўсе высілкі лекараў, яна часта не настолькі эфектыўны, бо не хапае дыягнастычнага абсталявання, рэактываў. Ну напрыклад у Гомлі, пры тым што гэта найбольш пацярпеўшая ад Чарнобыльскай катастрофы вобласць, у нас усяго 4 ці 5 установак МРТ, чаго абсалютна недастаткова», – кажа спадар Варонежцаў.

А Віктар Гарбачоў, які ўжо год возіць у анкалагічны цэнтр у Бараўлянах сваячку, перакананы: час змяніць прыярытэты пра размеркаванні фінансаў.

«Тыя ж лядовыя палацы, якія будуюцца. Па БТ пастаянна крытыка – «каманда не дабілася поспехаў»… прыязджайце калі ласка ў анкацэнтр. Той жа Жарко, былы міністр аховы здароўя, глядзіце, куды накіроўваць сродкі. І калі будзе здаровая нацыя – тады гэтыя лядовыя палацы можна павялічваць», – даводзіць аўтар нашумелага допісу ў інтэрнэце.

Тым часам толькі летась ад раку, не дасягнуўшы нават пенсійнага ўзросту, памерла больш за 4 тысячы беларусаў. Улічваючы, што на дыспансерным уліку ў анколагаў стаіць адзін з 34-ох грамадзянаў, праблема, можна сказаць, нацыянальнага маштабу. Аднак медыкі нават пры ўсім жаданні без дзяржаўнага фінансавання яе не развяжуць.

Марына Вашкевіч, «Белсат», фота: Alexander Khudotioply / Reuters / Forum