Беларусаў чакае адзін з найгоршых эканамічных крызісаў у гісторыі


Добрыя навіны, паведамляе нацыянальны статыстычны камітэт. Па выніках першага паўгоддзя прыбыткі беларускіх арганізацыяў нарэшце перавысілі леташнія. Агульны чысты прыбытак па Беларусі павялічыўся на 2%.

Але ж, у сваім афіцыйным прэс-рэлізе, статыстычны камітэт забыўся дадаць адну важную дэталь. Адначасова, страты стратных арганізацыяў падскочылі ажно ўдвая. Агулам, рэнтабельнасць продажаў у беларускай эканоміцы пагоршылася больш, чым на палову адсоткавага пункта, у параўнанні з гэткім жа леташнім перыядам.

«Указаная дынаміка паказнікаў сведчыць аб падзенні канкурэнтаздольнасці беларускіх прадпрыемстваў як на ўнутраным рынку, так і на замежных рынках», – кажа Аляксандр Муха з businessforecast.by.

У выніку, нягледзячы на рост продажаў, беларускім прадпрыемствам усё больш складана разлічвацца з банкамі ды дастаўцамі. Пратэрмінаваная крэдыторская запазычанасць вырасла сёлета больш, чым на 0,5 %. Сума нявернутых своечасова крэдытаў банкам – на 1,5 %. Гэта наўпрост закранае шараговых беларусаў.

«Іх прыбыткі застануцца нізкімі, а магчымасці палепшыць свой дабрабыт з’яўляюцца абмежаванымі», – кажа эканаміст Леанід Фрыдкін.

Што датычыць неплацяжоў, афіцыйная статыстыка адлюстроўвае толькі вершаліну айсбергу. Гэтак, у ліпені «Беларусбанк» адтэрмінаваў толькі аднаму Краснасельскаму цэментнаму заводу плацяжы па крэдытах больш, чым на 300 мільёнаў рублёў. Гэта – 3/4 рэспубліканскага бюджэту на медычную дапамогу насельніцтву. У статыстыцы гэтыя плацяжы ўжо ня лічацца пратэрмінаванымі, але дзірку ў фінансах «Беларусбанку» прыходзіцца закрываць бюджэту.

«Мы бачым кропкавыя захады і дзеянні. Бачым наўпроставыя грашовыя ўліванні ў некаторыя прадпрыемствы, але, у гэтым выпадку, я мяркую, што вельмі важна сканцэнтравацца на рэалізацыі структурных і рынкавых рэформаў, з мэтай павелічэння канкурэнтаздольнасці беларускіх прадпрыемстваў», – кажа Аляксандр Муха.

Адмыслоўцы папярэджваюць – названыя праблемы назіраліся ў першым паўгоддзі – на фоне надзвычай спрыяльных умоваў на замежных рынках ды найвышэйшай, за апошнія гады, энергетычнай субсідыі ад Расеі. У другім паўгоддзі сітуацыя будзе пагаршацца. Дэвальвацыя расейскага рубля яшчэ больш пагоршыць фінансы беларускіх прадпрыемстваў. У далейшай перспектыве, падзенне коштаў на нафту ды падатковы манеўр у Расеі могуць выклікаць адзін з найгоршых эканамічны крызісаў у навейшай гісторыі Беларусі.

Станіслаў Івашкевіч belsat.eu