Аб'ектыў 18.04.2017 «Продаж аднаго трактару – стратэгічны поспех». Чаму Беларусь сябруе з Зімбабвэ


Беларусь інвестуе ў »чорную птушку« Афрыкі, але наўрад ці дачакаецца звароту грошай.

Аляксандр Лукашэнка накіраваў Робэрту Мугабэ, які кіруе краінаю ўжо тры дзесяцігоддзі, віншаванні з нагоды Дня незалежнасці. «Спадзяюся на далейшае развіццё беларуска-зімбабвійскай супрацы ва ўсіх галінах і пашырэнне сувязяў паміж урадамі, бізнесменамі, дзеячамі навукі і мастацтва, а таксама простымі грамадзянамі абедзвюх краін», – гаворыцца ў тэлеграме.

На які плён спадзяецца афіцыйны Менск ад супрацы з адной з найбяднейшай краінаў Афрыкі?

З далёкаю ад нас дзяржаваю мы маем шмат падобнага: палітычную стабільнасць, якая выяўляецца ў нязменнасці кіраўніка краіны, мы лідаруем у свеце паводле колькасці дэнамінацыяў і ўзроўню інфляцыі, нашыя ўрады безвынікова намагаюцца замарозіць кошты і даць усім працу ды годны заробак. На такім падабенстве нарадзілася і сяброўства. Прэзідэнта Зімбабвэ з Днём незалежнасці Аляксандр Лукашэнка віншуе штогод.

«Гэта працяг так бы мовіць шматвектарнай палітыкі Лукашэнкі, якою ён ганарыцца, пошук новых кліентаў. Для беларускага кіраўніка продаж аднаго трактару – гэта ўжо нейкі стратэгічны поспех», – кажа палітолаг Павел Усаў.

Супраца краінаў актывізавалася ў 2015-ым годзе. Спачатку Менск наведала дэлегацыя з Зімбабвэ, а неўзабаве ў Харарэ паляцеў Віктар Шэйман, які зазвычай курыруе непразрыстыя ўгоды. Падобна, кіраўнік справамі прэзідэнта намацаў у афрыканскай краіне залатую жылу: Зімбабвэ і Беларусь падпісалі дамову пра стварэнне супольнага прадпрыемства ў здабыванні золата. А сёлета нашая краіна паставіла ў Зімбабвэ абсталяванне для апрацоўвання алмазаў. Гэта пазыка ад Беларусі на $ 30 млн. Але ці вернуцца нашай краіне гэтыя інвестыцыі?

«Ніхто не ведае сутнасці дамоўленасцяў, усё гэта шэрыя схемы, – кажа Усаў. – І напрыклад, пасля смерці Мугабэ, а гэта самы рэальны сцэнар, сітуацыя ў краіне дэстабілізуецца. Хутчэй за ўсё пры дапамозе Захаду да ўладаў прыйдуць празаходнія палітыкі, а таму ўсе праекты з Беларуссю, нават самыя фантастычныя будуць у руінах».

Пазіцыі Мугабэ (яму – 93) у краіне досыць хісткія не толькі праз здароўе, але і праз незадаволенасць насельніцтва з ягонага доўгага ды неэфектыўнага кіравання краінаю.

Вольга Старасціна

Глядзі таксама
Каментары