Беларус Юрый Голуб заваяваў другі залаты медаль на Паралімпіядзе


Паралімпіяда

Юрый Голуб заваяваў залаты медаль на Паралімпіядзе ў Пхенгчхангу ў катэгорыі для спартоўцаў з парушэннем зроку. Беларусу не было роўных на біятлоннай дыстанцыі 12,5 кіламетраў з чатырма лініямі агню.

Гэтая ўзнагарода стала для Голуба ўжо трэцяй на Гульнях, раней ён заваяваў два срэбры: у лыжнай гонцы на 20 кіламетраў, а таксама ў біятлонным спрынце. Нагадаю, што яшчэ адное золата ў нас на рахунку Святланы Саханенкі ў лыжнай гонцы на 15 кіламетраў вольным стылем, якая нягледзячы на тое, што згубіла на дыстанцыі палку, усе ж такі здолела пакінуць за спінаю ўсіх апанентак. У нашай скарбонцы ў Карэі ўжо 7 медалёў (апроч двух залатых, маем яшчэ два срэбры і тры бронзы), а ў агульнакамандавым заліку беларусы размяшчаюцца на 8-ым радку, першая тройка наступная – ЗША, нейтральныя атлеты з Расеі, Украіны. Паралімпіяда для нашых спартоўцаў заўтра працягнецца выступам у лыжным спрынце ў мужчын і жанчын.

Тэніс

Апошняй з беларусак корты Індыян-Ўэлзу ў жаночым адзіночным разрадзе пакідае Аляксандра Сасновіч. Беларуска, 49-ая ў рэйтынгу ВТА, дала бой другой ракетцы свету Каралінэ Вазняцкі. У першым сэце яна нават вяла ў ліку 4:1 з двума брэйкамі, аднак у выніку саступіла, лік у партыях 4:6, 6:2, 3:6. Пасля другога раўнду парнага разраду скончылі свой выступ Вікторыя Азаранка і Арына Сабаленка, якія саступілі расейскаму тандэму Алена Весніна / Кацярына Макарава – 4:6, 3:6.

Футбол

Сёння ўвечары стануць вядомыя яшчэ два паўфіналісты футбольнай Лігі чэмпіёнаў. Не ўсё ясна ў пары «Манчэстэр Юнайтэд» – «Сэвілля», пасля першай сустрэчы на полі іспанцаў была зафіксаваная нулявая нічыя. «Юнайтэд» умацаваў свае пазіцыі ў англійскай Прэм’ер-лізе і можа спакойна пераключыцца на еўрапейскі турнір.

Байкот Украіны

Украіна часова байкатуе ўсе спаборніцтвы на тэрыторыі Расейскай Федэрацыі. Пра гэта паведаміў віцэ-прэзідэнт НАКу Украіны Уладзімір Брынзак. Паводле функцыянера, патрэбны час, каб агульная палітычная сітуацыя палепшылася, а атмасфера перастала напаляцца. Ужо дакладна ўкраінскія спартоўцы не прыедуць у Цюмень, дзе ў канцы сакавіка пройдзе апошні этап Кубка свету па біятлоне. Раней пра байкот 8-га этапу ў Расеі заявілі федэрацыі ЗША, Канады і Чэхіі.

Дзмітрый Сухановіч, «Белсат», фота: Carl Recine / Reuters / Forum