Беларусь у чаканні інфляцыі


Нацыянальны банк апублікаваў справаздачу, у якой звярнуў увагу на штучны рост даходаў насельніцтва, які не адпавядае тэмпам росту эканомікі. Пра гэтакую дыспрапорцыю казаў і кіраўнік дзяржавы. Чым пагражае эканамічны перакос і што можа зрабіць улада, каб яго пазбегчы?

Неабгрунтаваны рост заробкаў пагражае чарговаю хваляй інфляцыі – заяўляе Нацыянальны банк. Аднак ці збіраюцца ўлады адмовіцца ад сваіх планаў дасягнуць магічных пяцісот долараў?

Начальнік галоўнага ўпраўлення манетарнай палітыкі і эканамічнага аналізу Нацыянальнага банку Дзмітрый Мурын у сваім дакладзе заявіў, што ў Беларусі рост заробкаў апярэджвае дынаміку вытворчасці працы. Гэта ўзмацняе інфляцыйны ціск на эканоміку.

«За мінулыя 17 гадоў, калі мы больш-менш сталі на ногі і пачалі развівацца, заробкі выраслі ў пяць разоў, а вытворчасць працы – толькі ў два з паловаю разы, нават менш», – зазначаў Аляксандр Лукашэнка.

Кіраўніцтва дзяржавы ўвесь час дэкларуе намер зліквідаваць гэтую дыспрапорцыю і падвысіць эфектыўнасць працы прадпрыемстваў. Аднак пакуль сітуацыя толькі ўскладняецца.

«Намінальныя заробкі павялічваюцца амаль на 20 адсоткаў, а вытворчасць працы расце на 6 – гэта сітуацыя, якая азначае, што прадпрыемствы праядаюць абаротны капітал. Значыць, яны ідуць у банк, банкі выдаюць крэдыты, крэдыты нятанныя. У такой сітуацыі ў мінулым годзе больш за 25 % выручкі ішло на пакрыццё абслугоўвання крэдытаў. У гэтым годзе – 28 %, у прамысловасці – больш за 40 %», – распавядае эканаміст Яраслаў Раманчук.

І рыбку з’есці, і ног не замачыць

І калі з аднаго боку дзяржава дэманструе разуменне рызыкі неабгрунтаванага росту заробкаў, з другога – рвецца чарговы раз наступіць на тыя ж граблі.

«Вашае заданне – узнавіць гэтыя тысячу рублёў і цягам года пераўзысці гэтую тысячу рублёў», – раздаваў загады Аляксандр Лукашэнка.

Са словаў кіраўніка дзяржавы, падвышэнне заробкаў – гэта не папулізм, а фундаментальнае сацыяльнае патрабаванне. Дзяржава спрабуе проста рэагаваць на сацыяльныя запыты без аглядкі на наступствы. Самы натуральны папулізм.

«Дзяржава забірае амаль 45 % ВУП у бюджэт. А было напрыканцы 2017 года 42 %. Такім чынам, чыноўнікі яшчэ больш грошай забіраюць з эканомікі і ўкладваюць у тыя праекты, якія быццам бы павінныя расці. А росту няма, ёсць абслугоўванне крэдытаў, і гэта тупік», – мяркуе Раманчук.

Выглядае, што кіраўніцтва Беларусі хоча і рыбку з’есці, і ног не замачыць: павысіць заробкі ды пазбегнуць рызыкі інфляцыі. Аднак усім вядома, чым такія спробы кончыліся ў 2011 і 15 гадах.

Зміцер Міцкевіч, «Белсат»