Беларусь супраць «Рассельгаснагляду». Вайна працягваецца


Міністэрства ўнутраных справаў не закінула расследаванне супраць кіраўніка «Рассельгаснагляду» Сяргея Данкверта – заявіў сёння генпракурор Беларусі Аляксандр Канюк.

Чыноўнік нагадаў: справу распачалі па даручэнні Лукашэнкі

Загадаў кіраўнік Беларусі на пачатку лютага. Тады «Рассельгаснагляд» у асобе Сяргея Данкверта пагражаў цалкам забараніць пастаўкі беларускай ялавічыны, а нафтагазавая спрэчка была ў самым разгары. Праз два месяцы – у красавіку, калі Лукашэнка фактычна пайшоў на саступкі ў энергетычным пытанні, вялася гаворка і пра спадара Данкверта

«Фактычна прымусілі Лукашэнку прыпыніць гэтую крымінальную справу, якую пракуратура Беларусі ўзбудзіла супраць Сяргея Данкверта. Сітуацыя паўстала катастрафічная, бо рассельгаснагляд зноў знойдзе парушэнні, закрывае прадпрыемствы, а каб іх адкрыць – трэба зноў паслаць супрацоўнікаў Рассельгаснагляду», – тлумачыць пазіцыю расейскага боку Андрэй Суздальцаў.

Супрацоўнікі «Рассельгаснагляду» раней увогуле баяліся ехаць у нашую краіну, баючыся за ўласную бяспеку.

Пракуратура заяўляе пра неспыненае расследаванне

І вось напярэдадні такога візіту, калі эксперты расейскага ведамства спраўдзяць працу больш, як 10 беларускіх прадпрыемстваў, беларуская пракуратура заяўляе пра няспыннае расследаванне.

«Беларускі бок разумее, што дробныя, або не вельмі дробныя канфлікты на мяса-малочным узроўні яшчэ будуць узнікаць. І як бы зараз зняць, скасаваць гэтую справу азначала б даць надта вялікі козыр у бок Масквы, таго ж самага Данкверта, лепш тое мець, каб ён разумеў, што ня ўсе карты на руках ёсць», – тлумачыць крокі афіцыйнага Менску палітычны аглядальнік Віталь Цыганкоў.

Ппапярэдняя такая праверка “Рассельгаснагляду” прызнала годнай для паставак у Расею прадукцыю толькі двух з амаль палутара дзясяткаў беларускіх мяса-малочных прадпрыемстваў.

Справа ўжо не ў малацэ і не ў мясе

«Нажаль гэта ўсё вынік таго, што абвешчаная інтэграцыя паміж дзяржавамі зайшла ў тупік і не прасоўваецца. Дый нават не толькі інтэграцыя, а выключна камерцыйныя адносіны зайшлі ў тупік, бо зразумела, што калі б адносіны былі б на ўзроўні міравых стандартаў і міравых цэн, то зніклі б масавыя праблемы», – кажа спадар Суздальцаў.

А сёння, калі краіны знаходзяцца ў цэлым шэрагу сумесных інтэграцыйных пытанняў – кожны з бакоў лічыць, што яму штосьці належыць – мяркуе адмысловец. Тады чаму Масква не рэагуе на такое парушэнне дамоўленасці і новыя пагрозы высокаму пасадоўцу?

«У Расеі надыходзіць перадвыбарчы перыяд і ёсць традыцыя ўступаць у выбары не маючы канфліктаў прынамсі з Беларуссю і сапраўды – за год, фактычна да выбараў, бакі пагадзіліся прыйсці да нейкага рашэння, іншая справа – каму яно больш выгаднае», – мяркуе Віталь Цыганкоў.

І саступіўшы Маскве ў стратэгічным нафтагазавым афіцыйны Менск не прыпыняе ціску ў пытаннях тактычных – як пастаўкі тых жа мяса-малочных прадуктаў, якія Рассельгаснагляд лічыць часцяком не якаснымі, або ўвогуле – не беларускімі.

Усевалад Шлыкаў, «Белсат», фота: Viktor Drachev / TASS / Forum