Беларусь страціла на «распілоўванні» грошай з Туркменістанам


Самы ненадзейны даўжнік Беларусі пасля Расеі цяпер – Туркменістан. Паводле звестак Нацбанку, пратэрмінаваная запазычанасць туркменскіх кампаніяў перад нашай краінай за першы квартал сёлета павялічылася ў 6 разоў і дасягнула 85 мільёнаў рублёў. А гэта – больш, чым увесь рэспубліканскі бюджэт Беларусі на ахову прыроднага асяроддзя. Адкуль узяліся пазыкі, ды хто і навошта іх дапусціў?

Найвялікшы замежны праект беларускіх будаўнікоў – Гарлыкскі калійны камбінат у Туркемністане, скончыўся правалам. У выніку, айчынны бюджэт апынуўся ў мінусе прыблізна на 200 мільёнаў долараў.

Падрад на будаўніцтва ў каракумскіх пясках, коштам каля мільярду долараў, «Белгархімпрам» атрымаў напрыканцы нулявых. Закончыць мелі ў 2015-м годзе, але ўрачыстае адкрыццё, з удзелам кіраўнікоў Туркменістану і Беларусі – Гурбангулы Бердымухамедава ды Аляксандра Лукашэнкі, адбылося толькі летась.

Карысць гэтага праекту, цяпер, аднак, ставяць пад сумнеў урадоўцы як Туркменістану, так і Беларусі. Сёлета ў красавіку Гургангулы Бердымухамедаў даручыў сваім віцэ-прэм’еру ды міністру замежных спраў правесці праверку камбіната на прадмет выяўленых раней недапрацовак беларускіх падрадчыкаў. Сам генеральны падрадчык – айчыннае дзяржаўнае прадпрыемства «Белгархімпрам», спрацаваў пазалетась са стратай амаль на 50 мільёнаў долараў. А сёлета баланс на яго рахунку складаў менш за 500 долараў.

«Што датычыцца Туркменістану і тых праблемаў, якія ўзніклі пад час будаўніцтва Гарлыкскага камбінату, яны прывялі да таго, што Беларусь адмовілася ад будаўніцтва другога калійнага камбінату, які павінны былі пабудаваць за 40 кіламетраў ад першага», – кажа эканаміст Леў Марголін.

Але праблема – не толькі ў неэфектыўнасці беларускага дзяржпрадпрыемства ды неплацежаздольнасці туркменскіх заказчыкаў. Наш тэлеканал прааналізаваў беларускія дзяржаўныя закупы для Гарлыкскага праекту і выявіў шэраг прыкметаў магчымага распілоўвання ў закупах будаўнічых матэрыялаў. Гэтак, «Белгархімпром» закупаў металічны парашок купершлак – паводле цаны 190 долараў за тону, хаця ў Расеі гэты матэрыял каштуе ўтрая танней. У выніку, тая закупка абышлася ў 90 тысяч долараў, замест 30. Хто і як атрымаў гэтыя падрады – не паведамляецца.

«Цяжка ўстрымацца, каб не пагрэць рукі на будаўніцтве за мяжой. Таму я не здзіўляюся, калі і сапраўды, кошты, па якіх закупаліся нейкія матэрыялы, яны большыя за тыя, якія ёсць сапраўды на рынку. Але гэта пытанне да нашага камітэту дзяржкантролю», – кажа Леў Марголін.

Агулам, паводле беларускіх урадоўцаў, на пачатак гэтага году, Туркменістан быў вінен Беларусі за Гарклык каля 200 мільёнаў долараў. З іх, паводле стану на першага траўня, пратэрмінаванымі лічыліся 85 мільёнаў рублёў. На думку адмыслоўцаў, перспектывы спагнаць доўг з Ашгабаду – сумнеўныя, бо гэтая сярэднеазіяцкая краіна перажывае найніжэйшы эканамічны крызіс з пачатку сваёй незалежнасці. Апазіцыйныя медыі паведамляюць пра перабоі з ежай.

Станіслаў Івашкевіч belsat.eu