Аб'ектыў 18.07.2017 Беларусь стаіць на парозе IT-прарыву


Абраны прэзідэнтам яшчэ ў XX-ым стагоддзі, у XXI-ым Лукашэнка ў IT-тэхналогіях бачыў больш небяспекі, чымся карысці.

«З гэтымі нашымі ІТ-тэхналогіямі сучаснымі – гэта можа быць яшчэ горш, калі гэты напрамак павернецца не туды, куды трэба… З дапамогаю інтэрнэта, камп’ютара гэтага няшчаснага колькі ўжо рэвалюцыяў адбылося, сацыяльных выбухаў на планеце?», – наводзіў страху Аляксандр Лукашэнка.

Расейскі алігарх пераканаў Лукашэнку пачаць рэвалюцыю

Пасля гэтых словаў мінула пяцігодка, і толькі цяпер кіраўніцтва краіны само абвесціла IT-рэвалюцыю. У яе неабходнасці кіраўніка краіны пераконваў ягоны сябар – расейскі алігарх Міхаіл Гуцэрыеў, які інвестуе ў беларускія інавацыйныя праекты мільёны долараў, а таму, натуральна, зацікаўлены ў росквіце IT-сферы.

IT-мазгі прапанавалі Менску рэформу заканадаўства

Дзякуючы беларускім і замежным айцішнікам за некалькі месяцаў быў падрыхтаваны прэзідэнцкі дэкрэт пра спрашчэнне працы Парку высокіх тэхналогіяў.

«У параўнанні з усімі іншымі ініцыятывамі ўладаў у гэтым годзе – гэта пенсійны ўзрост, падатак на беспрацоўе, гэта аб развіцці ІТ-тэхналогій, канешне, выдатны вынік працы, лепшага не было», – лікуе IT-адмысловец Сяргей Чарнавокі.

Што ж за цудоўны дэкрэт?

Дакумент прадугледжвае пашырэнне відаў дзейнасці ў беларускім ПВТ, а гэта значыць, шырэй адчыненыя дзверы для замежных кампаніяў, спрошчаным мае быць валютны кантроль, абвяшчаецца дэбюракратызацыя, а таксама легалізацыя дзейнасці, звязаная з блокчэйн і крыптавалютамі.

Не варта чакаць, ільготы і прэферэнцыі, абвешчаныя ў дэкрэце, – будуць для ўсіх. Рэгуляваць, каму дастанецца ласы кавалак пірага, будзе адміністрацыя Парку высокіх тэхналогіяў.

«Новы ПВТ – гэта дзяржава ў дзяржаве. Некаторая колькасць кампаніяў і людзей карыстаюцца іншымі правіламі працы ў параўнанні з усімі астатнімі», – звярнуў увагу спадар Чарнавокі.

Лукашэнка фанабэрыцца

Дакументам, які цяпер праходзіць узгадненне ў дзяржаўных органах, Лукашэнка хваліўся яшчэ ўвесну. «Гэта нешта падобнае таму, што мы робім па разняволенні нашага бізнесу», – падкрэсліў ён.
Як улады разняволілі бізнес у нашай краіне – бачыць сёння кожны. Лёс IT-сферы пабачым у будучым, якое нараджаецца ўжо цяпер.

Вольга Старасціна, «Белсат», фота: rf-smi.ru

Глядзі таксама
Каментары