Аб'ектыў 30.04.2017 Беларусь рыхтуецца да Першамая


З гэтае нагоды актывісты на Берасцейшчыне заклікаюць прыйсці людзей а 14-ай гадзіне да кінатэатру «Беларусь» у Берасці. Ніякіх адмысловых плакатаў – толькі чыстыя аркушы паперы – на знак салідарнасці з рэпрэсаванымі актывістамі ды журналістамі.

Акцыі запланаваныя і ў іншых гарадах краіны. Што праўда, рыхтуюцца да іх, і ўлады. Пад удар зноўку трапляюць журналісты, якія планавалі весці онлайн з пратэстаў.

Гомельскі журналіст Яўген Меркіс, які вёў на нашым тэлеканале жывыя стрымы з вясновых «Маршаў недармаедаў», а палове на 4-тую выйшаў з аўтобуса і накіроўваўся дадому, калі яго нечакана схапілі два амапаўцы, а пасля абвінавацілі ў нецэнзурнае лаянцы. Цяпер сувязі з рэпарцёрам няма. Схаванае міліцэйскае назіранне вялося сёння і за іншым журналістам з Гомля – Кастусём Жукоўскім.

«Гэтая мафіёзная ўлада спрабуе адізаляваць людзей ад любой інфармацыі на 1 траўня ад акцыі, якая была дазволена», – кажа Жукоўскі.

Заўчора ўвечары на сувязь з жонкай, Марынай Адамовіч, перастаў выходзіць арганізатар сталічнай вулічнай акцыі, якая мае адбыцца 1 траўня – Мікола Статкевіч. Пазней стала вядома, што палітыка асудзілі на 5 содняў арышту. А ўжо сёння ўзяліся і за грамадскіх актывістаў. А 10-й гадзіне баранавіцкаму прадпрымальніку Мікалаю Чарнавусу ўручылі позву. 1-га траўня ён мусіць зʼявіцца ў мясцовае аддзяленне Міністэрства ўнутраных справаў, нібыта ў якасці сведкі.

Пры такім жорсткім ціску заўтрашняя апазіцыйная акцыя, як і пратэст на Дзень Волі, можа застацца цалкам без лідараў. Раней ад правядзення ў Менску шэсця 1-га траўня адмовіліся незалежныя дэмакратычныя прафсаюзы. Менгарвыканкам дазволіў маніфестацыю толькі на бязлюднай плошчы Бангалор. Лідары згуртавання рабочых лічаць гэта праявай страху ўладаў.

«Улады баяцца, бо памятаюць 91-шы год і выступленні рабочых у Менску, у Салігорску ды іншыя выступы рабочых», – распавядае Сяргей Антусевіч з Беларускага кангрэсу дэмакратычных прафсаюзаў.

Прафсаюзны лідар дадае, што нягледзячы на тое, што цяпер масавыя акцыі ў Беларусі не адбываюцца, сацыяльная напружанасць у грамадстве нікуды не сышла, а прыбыткі людзей, незалежна ад аптымістычных рапартаў статыстычнага камітэту, не павялічваюцца. Ці варта ў такіх умовах выкарыстоўваць 1-га траўня, каб размаўляць з уладамі на вуліцах гарадоў, мы запыталіся ў жыхароў сталіцы.

«Што рабіць? Трэ выходзіць заўтра а 14-ай на Кастрычніцкую і патрабаваць свайго!», – мяркуе мянчук.

Ігар Кулей, «Белсат»

Глядзі таксама
Каментары