Аб'ектыў 12.02.2018 Беларусь «нячэсна» гандлюе з краінамі Еўразійскага эканамічнага саюзу



Гэтак лічыць Еўразійская эканамічная камісія. Афіцыйны Менск жа заяўляе аб неабходнасці кантролю якасці імпартных прадуктаў.

Еўразійская эканамічная камісія аб’явіла санітарна-гігіенічную экспертызу Беларусі бар’ерам на шляху тавараў з іншых краін. Усяго экспертызе падлягаюць каля 150 таварных пазіцый. Згодна з заявай, такім чынам Беларусь парушае дамову аб Еўразійскім эканамічным саюзе і стварае нядобрасумленную канкурэнцыю на айчынным рынку.

«У параўнанні з Расеяй, дзе 150 мільёнаў, мы практычна для іх не заўважныя. Таму развязваць жорсткую вайну, каб перадзяліць беларускі рынак сэнсу няма. Хутчэй, ёсць сэнс выкінуць нашых экспарцёраў з расейскага рынка – для іх гэта будзе адчувальна», – кажа кіраўнік праекту «Кошт урада» Уладзімір Кавалкін.

Ужо працяглы час па розных прычынах забараняецца імпарт у Расею прадукцыі беларускіх прадуктаў харчавання, у асноўным мясных і малочных прадуктаў. Так, на пачатку лютага Россельгаснагляд забараніў імпарт прадукцыі шэрагу беларускіх прадпрыемстваў, сярод якіх «Інкафуд», Калінкавіцкі мясакамбінат, «Мілкавіта», «Партнёр і К» і іншыя.

«Відавочна, што расейскі бок актыўна карыстаецца органамі дзяржаўнага кіравання для таго, каб блакаваць канкурэнтаў. І шмат прыкладаў таго, што беларускія вытворцы не пускаюцца на расейскі рынак таму, што за гэтым стаяць расейскія вытворцы. Для таго, каб гэтага не было, трэба, каб дзейнічаў нейкі наднацыянальны орган сертыфікацыі», – кажа эканаміст Яраслаў Раманчук.

Паводле экспертаў, Беларусь ад самага пачатку імкнулася абараніць свой рынак ад вонкавага ўплыву. Адначасова з гэтым стаяла задача максімальнага павелічэння экспарту айчыннай прадукцыі. І пакуль кіраўніцтва краіны не збіраецца адмаўляцца да дадзенай мадэлі. А заява Еўразійскай эканамічнай камісіі – чарговы манеўр Расеі ў так званай халоднай гандлёвай вайне. І мэты ў такіх дзеянняў звычайна не эканамічныя.

«Часцей за ўсё гэтыя заявы і невялікія лакальныя войны трэба, каб праціснуць у адносінах да Лукашэнкі нейкую палітычную павестку. Таму тут варта чакаць хутчэй нейкіх палітычных саступак. Ці то ўдзел у нейкіх ваенных вучэннях, пастаўкі беларускіх нафтапрадуктаў праз расейскія парты і гэтак далей», – адзначае Кавалкін.

Менск жа тлумачыць свае дзеянні тым фактам, што якасць санітарна-гігіенічнай экспертызы спажывецкіх тавараў у Расеі пакідае жадаць лепшага. Таму і былі ўведзеныя меры кантролю якасці імпартных прадуктаў. Шмат прэтэнзіяў да якасці і ў апытаных намі жыхароў сталіцы.

Жыхары Менску:

«Расейскія тавары не пакупаю. Пакупаю ў асноўным, калі прадукты – то польскія ці беларускія, калі рэчы – то часцей з Польшчы».

«Мне падабаюцца нашыя прадукты, беларускія. Мне здаецца, яны лепшыя за расейскія: нават расейцы аб гэтым кажуць».

«Прадукты харчавання ў Расеі не вельмі. Малако, мяса – гэта ў нас больш развіта таму што. А там гэта ўсё хімічнае ў асноўным. Проста быў у Расеі, спрабаваў – малако, напрыклад, піць немагчыма».

Эксперты тлумачаць, што пастаянныя гандлёвыя канфлікты падобнага кшталту ў чарговы раз даюць зразумець – у цяперашняй форме Еўразійскі эканамічны саюз не працуе.

«Як у Расеі нельга пабудаваць незалежны суд, так і нельга пабудаваць нешта, звязанае з незалежнай сертыфікацыяй. Таму ўступаць у адносіны, якія прадугледжваюць менавіта такі рэжым – гэта вялікая памылка», – мяркуе Яраслаў Раманчук.

Адпаведна, нельга сказаць, калі і якім чынам скончыцца таварнае супрацьстаянне, якое вядзецца па спецыфічных законах, мала падобных да вольнага рынку.

Зміцер Міцкевіч, «Белсат»

Глядзі таксама
Каментары