Беларусь магла стаць часткай Расеі, але нас выратаваў БНФ


Святочныя стужкі менчукам і кветкі на магілы дэпутатаў БНФ у Вярхоўным Савеце дванаццатага склікання. Такім чынам «Моладзь БНФ» адзначыла дзень, калі Беларусь афіцыйна зрабілася незалежнай дзяржавай.

«Васіль Быкаў, Ніл Гілевіч, Генадзь Карпенка, Галіна Сямдзянава – гэта дэпутаты апазіцыі БНФ, ці народныя пісьменнікі, якія непасрэдна прымалі дэкларацыю пра незалежнасць, якія адстойвалі яе», – зазначыў лідар «Моладзі БНФ» Юрый Лукашэвіч.

Як атрымалі незалежнасць?

25-га жніўня 1991 года на пазачарговай сесіі Вярхоўнага Савету Беларусі Дэкларацыі аб суверэнітэце нашай краіны надалі статус канстытуцыйнага закону. Прыняў гэтую дэкларацыю Вярхоўны Савет годам раней, але сілу закону дакумент атрымаў менавіта ў 91-ым, праз тры дні пасля правалу путчу ГКЧП у Маскве. Ва Украіне, дзе Вярхоўная Рада прыняла такое ж рашэнне 24-га жніўня, – святкуецца Дзень незалежнасці. У Беларусі ж гэтай даты афіцыйна не адзначаюць.

Тыя беларусы, што былі ў Вярхоўным Савеце БССР дванаццатага склікання, і тыя культурныя дзеячы, якія падтрымлівалі рух да незалежнасці, застаючыся ў меншасці і ў Вярхоўным Савеце і ў грамадстве, фактычна здолелі заклалі падмурак суверэннай беларускай дзяржавы.

«Не было перадвызначана што Беларусь атрымае незалежнасць, у Беларусі як нідзе былі моцныя рэакцыйныя сілы, камуністычныя сілы і на жаль яны часткова працягваюць заставацца пры ўладзе», – тлумачыць старшыня партыі БНФ Аляксей Янукевіч.

Сённяшнія беларусы да незалежнасці Беларусі ставяцца пазітыўна

Але пра тое, што менавіта адбылося 25-га жніўня 1991-га года, грамадзяне краіны часцяком не памятаюць.

Каб пра гэты дзень дазналася больш людзей «Моладзь БНФ» і вырашыла вынесці сваё святкаванне ў гарадское асяроддзе.

«Шмат людзей пыталі, што сёння за дзень, мы тлумачылі, пасля гэтага хтосьці загугліць пацікавіцца і даведаецца больш, таму такімі акцыямі можна зрабіць каб больш людзей даведалася», – даводзіць актывіст БНФ Дзяніс Мандізк.

На пачатку жніўня актывісты «Моладзі БНФ» падавалі ў Менскі гарвыканкам заяўку на правядзенне святочнага шэсця і мітынгу 25-га жніўня. Але калі ўлады дазволілі толькі мітынг на плошчы Бангалор, арганізатары адмовіліся ад яго правядзення.

Ірына Дарафейчук, «Белсат», фота: vytoki.net