Браты па-разліку: прайшла любоў, завяў нафтаправод


Газавае пагадненне – версія дваццатая. Менавіта гэтым парадкавым нумарам віцэ-прэмʼер Беларусі Уладзімір Сямашка азначыў чарговы пратакол, распрацаваны разам з ягоным расейскім калегам Аркадзем Дварковічам. Дакумент цяпер чакае ўхвалення ў Маскве.

Сямашка спадзяецца, што пагадненне можа быць падпісанае на наступным тыдні

Дварковіч жа адзначае, што бакі толькі зблізілі пазіцыі, але кансэнсусу ў спрэчных пытаннях дагэтуль няма.

«У адрозненне ад усіх папярэдніх канфліктаў цяпер ніводзін бок не гатовы ісці на саступкі. Беларусь – проста таму, што не асабліва ёсць грошы на гэта. А Расея – таму, што вельмі моцна расчараваная паводзінамі Беларусі, у тым ліку на міжнароднай арэне», – тлумачыць падаплёку палітычны аглядальнік Арцём Шрайбман.

У адказ на недаплаты за газ Расея скараціла летась пастаўкі нафты ў нашую краіну да 20 %.

Праўда, на недаплатах за газ Менск пакуль выйграе ўдвая больш, чым страчвае на недапастаўках нафты. Але Расея ўжывае і іншыя інструменты.

«Перыядычныя забароны на патаўку мяса з Беларусі, забарона на транзіт праз Беларусь афрыканскай гародніны і садавіны. То-бок – поўны набор розных гандлёвых і таварных войнаў», – падкрэслівае эксперт Вадзім Іосуб.

Расейцы не хочуць карміць Беларусь

Сёння ж пракрамлёўскі цэнтр вывучэння грамадскай думкі абнародаваў вынікі апытання, паводле якога больш за палову расейцаў выступаюць супраць таго, каб субсідаваць газ для Беларусі, а амаль 80 % усходніх суседзяў – за тое, каб адгарадзіцца ад нас візавым рэжымам. Што праўда, выданне «Наша ніва» адзначае маніпулятыўную фармулёўку пытанняў. Але Арцём Шрайбман мяркуе, што настроі расейцаў, адлюстраваныя ў гэтым апытанні, – насамрэч прысутнічаюць дзякуючы працы расейскіх дзяржаўных медыяў.

«У апошнія месяцы пачасціліся на расейскай тэлевізіі такія антыбеларускія сюжэты – такі мэсэдж, што хопіць карміць Беларусь. Яны праходзяць, практычна, цэнтральнай ідэяй», – тлумачыць спадар аналітык.

На фоне змяншэння паставак расейскай нафты беларускія нафтаперапрацоўчыя заводы замовілі сабе пробныя 80 тысячаў тонаў іранскай нафты – для дастаўкі па моры, паведаміла сёння агенцтва Ройтэрз. У выніку гэтак званага падатковага манеўру ў Расеі нафтавая субсідыя, якую мы атрымліваем ад нашай расейскай суседкі, зменшылася за апошнія гады ў разы, а Іран цяпер прадае сыравіну танней за рынкавы кошт. Таму частковая адмова ад расейскай нафты хоць і скароціць бюджэтныя паступленні нашай краіны, але не абавязкова будзе стратная.

Станіслаў Івашкевіч, Менск, фота: Vasily Fedosenko / Reuters / Forum