Беларусь хоча, каб ёй давалі мільярд долараў інвестыцыяў штогод


Мільярд долараў – штогод. На такія інвестыцыйныя крэдыты ад Еўрапейскага банку рэканструкцыі і развіцця спадзяецца афіцыйны Менск. Сёння прадстаўнікі Еўрапейскага банку прыбылі ў Беларусь для перамоваў з нашым урадам. Але ці дапамогуць гэткія вялізныя пазыкі раскруціць нашую эканоміку? Або яны яшчэ глыбей падштурхнуць Беларусь, а значыць, і кожнага з нас у даўгавую яму?

Мільярд долараў – гэта 2 % ад усёй беларускай эканомікі. Менавіта столькі інвестыцыяў ды крэдытаў афіцыйны Менск плануе прыцягваць штогод ад Еўрапейскага банку рэканструкцыі і развіцця.

Летась гэтая ўстанова ўклала ў Беларусь 167 мільёнаў долараў. Гэта параўнальна з меркаваным коштам рэканструкцыі стадыёну «Дынама» ў Менску. Названую суму размеркавалі на 14 праектаў. Найбуйнейшы з іх – перадпрыватызацыйнае рыхтаванне «Белінвестбанку». Еўрапейскі банк рэканструкцыі і развіцця пазычыў яму 50 мільёнаў долараў з магчымасцю ператварыць іх у акцыі для далейшага перапродажу стратэгічнаму інвестару.

Іншыя праекты Еўрапейскага банку рэканструкцыі і развіцця ў Беларусі летась уключалі крэдыты банку «Масква – Менск» і «Райфайзэнбанку» для развіцця малога ды экспартаарыентаванага бізнесу. Апрача гэтага, наўпроставае фінансаванне вылучылі беларускай кампаніі «Чысты бераг» для адкрыцця серыі крамаў з сантэхнічным абсталяваннем. Яшчэ адзін праект – літоўская сетка крамаў у Беларусі «Зрабі сам». З іншага сегменту – інвестыцыя ў апрацоўванне дрэва – літоўскай кампаніі «Свудс», якая пастаўляе матэрыялы для вырабу мэблі «Ікея». Плюс 10 мільёнаў долараў яшчэ адной літоўскай кампаніі «KG-group», якая пашырае сваю вытворчасць у Беларусі «жывёльных кармавых сувязяў».

Сёлета партфель праектаў Еўрапейскага банку працягнуў пашырацца. Крэдыты на развіццё атрымала беларуская прыватная «Аптэка-Груп» – на адкрыццё 160-ці аптэк, якія прадаюць фармацэўтычныя прэпараты за ільготныя кошты. Літоўская «Модус груп» атрымала 15 мільёнаў долараў на будаўніцтва ў Гарадзенскай і Берасцейскай вобласцях чатырох установак для вытворчасці энергіі з біягазу, то бок з адкідаў. Пазыка на 40 з лішнім мільёнаў долараў пойдзе на дабудаванне другой Менскай кальцавой. Афіцыйны прадстаўнік ЕБРР заявіў «Белсату», што яны спадзяюцца і на далейшае пашырэнне праектаў у нашай краіне. Штопраўда, называныя ўладамі Беларусі лічбы – штогадовыя крэдыты ад паловы мільярда да мільярда долараў штогод – афіцыйны прадстаўнік ЕБРР пракаментаваць «Белсату» асцярогся.

Рэзкае пашырэнне дзейнасці ЕБРР у Беларусі сталася магчымае ў 2016-ым годзе, калі стратэгія гэтай установы для нашай краіны была змененая. Раней яна ўключала супрацу выключна з прыватным сектарам. Цяпер пачаліся супольныя праекты і з дзяржаваю.

Найбуйнейшыя праекты Еўрапейскага банку рэканструкцыі і развіцця – гэта пабудова заводу ў вытворчасці швейцарскіх электрычак «Штадлер» і дзвюх дрэваапрацоўчых фабрык аўстрыйскай кампаніі «Кронаспан».

Станіслаў Івашкевіч belsat.eu