Аб'ектыў 12.04.2018 Беларусь – еўрапейская краіна смяротных выракаў


Яшчэ адзін яблык разладу між Беларуссю і Еўразвязам – смяротнае пакаранне. Нашая краіна – адзіная ў Еўропе практыкуе забіванне асуджаных. І вось з гэтай нагоды Беларусь у чарговы раз трапіла ў справаздачы міжнароднай праваабарончай арганізацыі «Amnesty International».

Што агульнага паміж Злучанымі Штатамі і Беларуссю? На жаль, не развітая эканоміка ці свабода слова. Гэта апошнія дзве дзяржавы сярод амаль шасцідзесяці краінаў АБСЕ, дзе дасюль захоўваецца смяротнае пакаранне.

Летась у нашай краіне пакаралі смерцю прынамсі двух чалавек. Чатыры судовыя справы скончыліся смяротнымі прысудамі. Такія звесткі прыводзіць міжнародная праваабарончая арганізацыя «Amnesty International» у чарговай штогадовай справаздачы.

Летась у свеце выканалі каля 993 смяротных прысуды. Прынамсі пра такую колькасць вядома «Міжнароднай амністыі». Найбольш – у Іране, Саудаўскай Аравіі, Іраку і Пакістане.
Адзін з галоўных аргументаў праціўнікаў такой захады – імавернасць судовай памылкі і пакарання невінаватага.

«Ужо шмат разоў прыводзілі прыклад справу таго ж Міхасевіча, па якой незаконна былі асуджаныя 12 чалавек і аднаго расстралялі. У нас няма пэўнасці, што ўсе тыя людзі, якія былі расстраляныя ў Беларусі з 91-га года, што сярод іх не было таго, каго пакаралі, а ён быў невінаваты», – кажа юрыст праваабарончага цэнтру «Вясна» Валянцін Стэфановіч.

Сярод іншага, з гэтых прычынаў, напрыклад, у мінулым годзе цалкам адмовіліся ад смяротнага пакарання Гвінея і Манголія. Дэмакратычны Захад і ў прыватнасці Парламенцкая асамблея Рады Еўропы неаднаразова заклікалі да гэтага і Беларусь.

«Той факт, што ў Беларусі захоўваецца смяротнае пакаранне, я мяркую, робіць немагчымым далучэнне Беларусі да Еўрапейскага Звязу ці набліжэнне да яго. Аднак калі сітуацыя зменіцца – гэта будзе вялікі крок да паляпшэння стасункаў Беларусі і Захаду», – зазначае кіраўнік брусельскага офісу «Open Europe» Пітэр Клепэ.

Але гэта не пераконвае Лукашэнкі.

У Беларусі за час незалежнасці адбылося больш за трыста расстрэлаў

«Ён разумее, што калі ён зараз пойдзе на саступкі Захаду і развяжа гэтае пытанне, то пытанні ж застануцца да яго. Тады гэта будзе ўжо не мараторый на смяротнае пакаранне, а, напрыклад, свабодныя і сумленныя выбары, што для Аляксандра Лукашэнкі больш цяжкае пытанне», – лічыць Анатоль Лябедзька, старшыня партыі «АГП».

Бадай, самы гучны працэс у найноўшай гісторыі Беларусі, вынікам якога сталася вынясенне смяротнага прысуду, адбыўся пасля тэракту ў менскім метро ў 2011 годзе.
Каб знайсці вінаватых, следчым тады хапіла содняў. Суду для вынясення найвышэйшай меры – двух месяцаў.

«У прысудзе неаднаразова гучала «магчыма, магчыма, магчыма». І на гэтым «магчыма» пабудаваны абвінаваўчы прысуд. Апроч таго, што ён абвінаваўчы, ён яшчэ і смяротны», – яшчэ 7 гадоў таму зазначаў праваабаронца Павел Левінаў.

Пасля такога выраку пастанавіць пра памілаванне можа толь кіраўнік краіны.

«Гэта самае цяжкае, што можа быць у працы прэзідэнта. Прынамсі ў мяне», – казаў Аляксандр Лукашэнка ў 2011 годзе.

На сёння вядома толькі пра адзін такі выпадак. Беларусь надалей застаецца адзінаю краінай Еўропы і Цэнтральнай Азіі, дзе забіваюць імем закону.

Лола Бурыева, «Белсат». Фота Віктара Трацякова

Глядзі таксама
Каментары