Беларусь чакае чарговая інфляцыя і падзенне курсу рубля


Падзенне коштаў на нафтапрадукты і калій плюс дарагі расейскі газ. Гэтыя чыннікі, сярод іншага, спрычыняюцца да пагаршэння сальда замежнага гандлю нашай краіны.

Па выніках першых сямі месяцаў года імпарт тавараў перавысіў экспарт амаль на $ 2 млрд. Гэта – на $ 0.5 млрд горш, чым летась, і на $ 100 млн горш за папярэдні месяц.

«Гэта пагражае чарговай інфляцыяй, чарговым падзеннем курсу беларускага рубля», – мяркуе эканаміст Леў Марголін.

Курс рубля пераацэнены на 7-12 %

Выцяканне валюты з краіны праз адмоўнае замежнае сальда – галоўная прычына рэгулярных дэвальвацыяў у нашай краіне. Курс беларускага рубля ад пачатку года аслаб да долара ўсяго на 4,5 %, але трымаецца выключна за кошт высокіх ставак за крэдыты, замежных пазычэнняў ды таго, што насельніцтва распрадае свае валютныя запасы. Еўразійскі фонд стабілізацыі развіцця папярэджвае: курс беларускага рубля – па-ранейшаму завышаны.

«Разлікі раўнаважнага значэння… паказваюць, што завышанасць курсу рубля вагаецца ў дыяпазоне 7–12 %», – упэўнены Алішэр Усманаў, менеджар ЕФСР у стабілізацыйных крэдытах.

Разумеючы пагрозы айчыннай валюце, улады спрабуюць дыверсіфікаваць экспарт ад застойнага расейскага рынку. Нягледзячы на гучныя заявы і актыўныя спробы кіраўніцтва падпісаць выгадныя кантракты, напрыклад з Вʼетнамам, сёлета беларускі экспарт у гэтую краіну абрынуўся ўдвая. Адмыслоўцы тлумачаць: палітычныя дамовы ўжо няздольныя скампенсаваць няўхільнай страты канкурэнтаздольнасці беларускім дзяржсектарам.

«Можна сказаць, што адзін з чыннікаў скарачэння экспарту гэта скарачэнне расейскага рынку, але цікава, што і доля беларускіх аўтамабіляў на расейскім рынку таксама скарачаецца. А гэта значыць, што мы прайграем канкурэнтную барацьбу», – патлумачыў Леў Марголін.

Еўразійскі фонд стабілізацыі і развіцця падкрэслівае: падзенне коштаў на сыравіну не спрычыняе, толькі абвастрае праблемы беларускай эканамічнай мадэлі. Паводле падлікаў фонду, з 2013-га да 2015-га года, несыравінны экспарт Беларусі, то бок без уліку нафтапрадуктаў ды калію, у рэальным вымярэнні скараціўся на 17 %, а продажы інавацыйнай прадукцыі абрынуліся ўдвая. Паводле эканаміста Льва Марголіна, улады працягваюць паглыбляць праблему, забіраючы фінансавыя рэсурсы ад рэнтабельных сектараў эканомікі на субсідыі неканкурэнтаздольных дзяржаўных прадпрыемстваў.

Станіслаў Івашкевіч, «Белсат»