Аб'ектыў 14.05.2018 Беларусь апынулася ў дэмаграфічнай яме


Толькі ў трох раёнах Беларусі нараджальнасць перавысіла смяротнасць па выніках першага кварталу. За гэты час беларусаў памерла амаль на дзевяць тысяч больш, чым нарадзілася.

Натуральныя страты насельніцтва ў 2017 годзе склалі амаль 17 000 чалавек і сталіся самымі вялікім за апошнія 6 гадоў. Зыходзячы са статыстыкі першага кварталу бягучага году, 2018 можа адзначыцца яшчэ большымі стратамі для Беларусі.

«Сітуацыя са смяротнасцю – гэта таксама вельмі вялікая праблема, таму што экалогія, умовы жыцця нашых людзей у нашай краіне, на жаль, не вельмі спрыяльныя. Напрыклад, ёсць некаторыя рэгіёны, напрыклад, Гомельскі, дзе мужчыны проста не дажываюць да пенсійнага ўзросту, які таксама для іх павысіўся», – кажа сустаршыня БХД Вольга Кавалькова.

У той жа момант, па словах міністра працы і сацыяльнай абароны Ірына Касцевіч, перад уладамі стаіць задача да 2020 утрымаць насельніцтва Беларусі на ўзроўні дзевяці з паловай мільёнаў чалавек. Калі не скарачаць смяротнасць, трэба падвышаць нараджальнасць. Адным з важных чыннікаў у гэтым дзяржава лічыць сацыяльную падтрымку сем’яў, у тым ліку мацярынскі капітал.

«Даследаванні паказваюць, што гэтыя грошы набліжаюць магчымасць нараджэння так званага «адкладзенага дзіцяці» – сям’я хацела, напрыклад, другое дзіця, але не вырашалася. Але яны не прымусяць сям’ю, якая хоча дваіх дзяцей, нараджаць трох, чацвярых і гэтак далей», – тлумачыць Наталля Рабава са школы SYMPA.

Паводле статыстыкі, немалаважным чыннікам пагаршэння дэмаграфічнай сітуацыі ў краіне з’яўляецца міграцыя. І выязджае ў асноўнай масе маладое працаздольнае насельніцтва, якое шукае лепшых умоў для асабістага развіцця.

«Моладзь, якая жыве і хацела б, напэўна, жыць у гэтай краіне і нараджаць, не бачыць шмат магчымасцяў і перспектыў у гэтай краіне ні для сябе, ні для сваіх дзяцей. Калі б у іх былі магчымасці арганізаваць свой бізнэс, уладкавацца на нармальную працу тут, то канешне ж, ніхто б з іх не з’язджаў», – кажа Вольга Кавалькова.

Але ці бачаць умовы нараджаць і гадаваць дзяцей у нашай краіне тыя, хто не з’ехаў за мяжу?

Жыхары Менску:

«Умовы, напэўна, не вельмі добрыя. Чыста матэрыяльна моладзь баіцца проста рызыкаваць, таму што вельмі дорага дзіцёнка зараз нарадзіць – гэта дарагое задавальненне».

«Старыя паміраюць, а моладзь не хоча нараджаць – таму што жыллёвыя ўмовы, недахоп грошай, квартплата вельмі дарагая – умовы не дазваляюць».

Гэтага меркавання прытрымліваюцца і эксперты: што той дапамогі па дагляду дзіцяці да трох гадоў, якая ёсць цяпер – 312 рублёў на першае дзіця і 356 рублёў на другога і астатніх, не дастаткова. Але важным ёсць і стварэнне іншых умоў для сем’яў, каб даць ім магчымасць палепшыць свой матэрыяльны стан.

«Для таго, каб палепшыць нараджальнасць, трэба забяспечыць лепшыя ўмовы для маці з дзецьмі. Таму што ў нас маці з дзяцьмі знаходзяцца ў нейкай пастцы. Таму што дзяцей маленькіх падзець няма куды, калі няма магчымасці іх пакінуць з бабулямі, няню наняць нерэальна дорага, садкоў, куды прымаюць з маленькага ўзросту, як у Еўропе, нават з некалькіх месяцаў, няма», – упэўненая Наталля Рабава.

Выходзіць, фінансавая дапамога невялікая, ды і той не хапае. Умовы для сям’яў таксама пакідаюць жадаць лепшага, як і эканамічная сітуацыя ў краіне. Адное толькі рыторыка ўладаў заўжды на аптымістычнай ноце.

Зміцер Міцкевіч, «Белсат».

Глядзі таксама
Каментары