Аб'ектыў 21.12.2017 БелаАЭС: казалі – «не так страшна», цяпер – «гэта сур’ёзна»


Што лучыць беларускую будучую атамную станцыю ў Астраўцы ды павышэнне амаль у тысячу разоў радыяцыйнага фону ў некаторых сёлах Чэлябінскай вобласці пасля выцеку напрыканцы верасня рутэнію?

Пасля фіксацыі заходнімі інстытутамі заражанага воблака над Еўропаю «Росатом» маўчаў два месяцы. Праз федэральныя тэлеканалы сітуацыю стараліся залагодзіць. «Тое, што здарылася, – не радыеактыўны выкід, а інфармацыйны ўкід», – сцвярджаў тэлеканал «Россия-1».

«Росатом» будуе і будзе абслугоўваць БелАЭС

Праект ужо адзначыўся дзясяткам інцыдэнтаў, некалькімі смярцямі і падзеннем корпуса рэактару.

«Увесь папярэдні досвед паказвае, што калі нешта адбываецца, то спачатку гэта цалкам адмаўляецца, потым, калі адбываецца нейкі ціск грамадскасці, экспертаў і г.д., паволі пачынаюць на крок адступаць, прызнаюць спачатку вось гэта – «ну, так, было, але гэта не так страшна». Потым – «ну, так, гэта было сур’ёзна», – кажа Андрэй Алахвердаў з ядравага праекту «Greenpeace» Цэнтральнай і Усходняй Еўропы.

«Ужо цяпер можна сказаць, што развіццё і пераход Беларусі да 2050-га года на аднаўляльную энергетыку, з поўнай адмовай ад атамнай, цалкам магчымы. Таксама з эканамічнага і тэхнічнага пункту гледжання. Адзінае, што гэтаму перашкаджае – гэта палітычнае рашэнне аб будаўніцтве Астравецкай АЭС», – канстатуе Настасся Дарафеева, старшыня партыі «Зялёныя».

Рашэнне ставіць Беларусь у яшчэ большую залежнасць ад Расеі

Улады Беларусі напачатку будаўніцтва станцыі рабілі стаўку на продаж энергіі ў краіны Балтыі ды Польшчу. Якія, аднак, цяпер дэкларуюць адмову ад бруднай энергіі ды абарону рынку ЕЗ.

«Усё больш малаверагодна, што Астравец зможа прадаваць энергію на Захад. Шанцы на гэта набліжаюцца да нуля. Пытанне ў тым, чаму будаўніцтва працягваецца? Бо Беларусі не трэба столькі энергіі. Для Расеі тут падвойная выгада. Таму што яны будуюць атамную станцыю ў Беларусі. Беларусь бярэ на сябе экалагічныя і фінансавыя рызыкі. У той жа час, Расея зможа дыктаваць кошты на энергію з Астраўца», – падсумоўвае Ян Гавэркамп.

Беларускі бок абвяргае стратэгічнае планаванне

Сёння, адказваючы на пытанне пра экспарт энергіі з будучай БелАЭС, кіраўнік Белэнерга адказаў, што гэтую праблему будуць развязваць пасля ўвядзення станцыі ў эксплуатацыю.

Лола Бурыева, «Белсат», фота: Vasily Fedosenko / Reuters / Forum

Глядзі таксама
Каментары