Бедныя беларусы яшчэ больш збяднеюць


Вы яшчэ не стаміліся ад абяцанняў заробку то «папіццот», то «патышчы»? Ну што ж, у вас ёсць час ад іх адпачыць. 11 дзён мінула з гэтага чарговага ірвання Лукашэнкам кашулі за народ, а ўжо сёння Міністэрства працы заявіла, што мінімалка і даходы за люты індэксавацца не будуць: маўляў, інфляцыя па краіне нізкая – рост усяго 0,9 % за месяц! Але, як той казаў, хто як лічыць…

«Паказнік нават горшы, бо 1,7% за два месяцы – гэта не такая і нізкая ўжо інфляцыя. Калі пойдзе такімі тэмпамі, то інфляцыя будзе двухзначная за год. І трэба ўжо думаць, як знізіць гэтую інфляцыю», – папярэджвае эканамічная аглядальніца Таццяна Каліноўская.

Інфляцыю называюць «падаткам на бедных»

«Чым бяднейшы чалавек, тым больш у яго асабістым спажывецкім кошыку займае харчаванне, тым больш у яго выдатках займаюць паслугі ЖКГ. І таму для такога беднага чалавека, які атрымлівае зарплату, ніжэйшую за сярэднюю, яго асабістая персанальная інфляцыя будзе вышэйшая», – распавядае эканаміст Вадзім Іосуб.

А найбольшы рост цэнаў у Беларусі фіксуецца як раз на прамысловыя тавары, харчы і камунальныя паслугі.

У 2017 годзе на харчаванне беларусы аддавалі амаль 41 % спажывецкіх выдаткаў. На нехарчовыя тавары – каля 32 %. І яшчэ 24,5 % – на аплату паслугаў. Агулам атрымліваецца 97 % усіх спажывецкіх выдаткаў.

«Калі эканоміка расце недастаткова хутка, то ўва ўраду папросту можа не быць неэмісійных крыніц для індэксацыі прыбыткаў. А калі на гэтыя мэты пачнуць друкаваць грошы, запусцяць эмісію, то вынік будзе яшчэ горшы: намінальна колькасць грошай павялічыцца, але пакупніцкая здольнасць іх знізіцца», – даводзіць спадар Іосуб.

А таму і сярэднія тысячу альбо «папіццот» беларусам свеціць роўна столькі ж, колькі свяціла ўсе папярэднія гады Лукашэнкавых абяцанак.

Валер Руселік, «Белсат», фота: Vasily Fedosenko / Reuters / Forum