БАЖ: Нічога не адвалілася б ад гэтай улады, калі б яны далі акрэдытацыю «Белсату»


Пераслед, што не перапыняецца. Грашовым спагнанням за супрацу з нашым тэлеканалам незалежныя журналісты ўжо даўно не здзіўляюцца. Гэтак, чарговае рашэнне суда Савецкага раёну Гомля не зрабілася навіной і для фрылансэра Андрэя Толчына. Яго пакаралі штрафам на суму 980 рублёў або 40 базавых велічыняў.

«Тое, што напісана ў міліцэйскім пратаколе, фактычна ўжо ёсць вердыктам суда. Гэта адбываецца таму, што вертыкаль дае пэўныя загады, і, на маю думку, яна зацікаўленая ў тым, каб зачысціць інфармацыйную прастору», – кажа журналіст-фрылансэр Андрэй Толчын.

Апроч Андрэя Толчына, сёння ў судзе Савецкага раёну Менску разглядалі справу і журналістаў-фрылансэраў Станіслава Івашкевіча ды Ірыны Арахоўскай. Вынік жа для менскіх калегаў пакуль не вядомы, бо яны не прысутнічалі на паседжанні. Афіцыйная ж падстава для ўсіх траіх – супраца з «Белсатам» без акрэдытацыі, якую ўлады Беларусі самыя ж і не даюць.

«У суд я вырашыла не ісці, бо мне папросту шкада часу. За што будуць судзіць – не ведаю, бо ў мяне тры пратаколы», – кажа Ірына Арахоўская.

Паводле намесніка старшыні Беларускай арганізацыі журналістаў Барыса Гарэцкага, сітуацыя выглядае як мэтанакіраваная барацьба з «Белсатам».

«У Беларусі хапае СМІ, якія падаюць таксама праўдзівую нецэнзураваную інфармацыю. І нічога не ўпала б, не адвалілася б ад гэтай улады, калі б яны далі акрэдытацыю «Белсату». Наадварот, на міжнароднай арэне гэта выглядала б як сур’ёзны крок у галіне свабоды слова», – тлумачыць намеснік старшыні БАЖ Барыс Гарэцкі.

І не выпадкова тэмы, якія ўздымаюць нашыя журналісты, хутчэй за ўсё не да спадобы ўладам. Андрэя Толчына аштрафавалі за асвятленне праблемаў свінакомплексу ды аплаты камунальных паслугаў у Рагачоўскім раёне, а таксама пераход на трохдзённы працоўны графік Гомельскага радыёзаводу. Станіслава Івашкевіча выклікалі ў суд за журналісцкае расследаванне, не зважаючы на тое, што на яго падставе пракуратура распачала правяранне ва ўстанове.

«Падставаю для гэтай адміністратыўнай справы паслужыла журналісцкае расследаванне пра кумаўство і прыкметы карупцыі ў «Белэнерга». Пра тое, як выпампоўваюцца з бюджэту мільёны долараў, перадаюцца насуперак закону прыватным манапалістам у сістэме «Белэнерга», – распавядае журналіст-фрылансэр Станіслаў Івашкевіч.

Сёлета за няпоўныя паўгода сума штрафаў незалежным журналістам, якія супрацоўнічаюць з «Белсатам», ужо перавысіла 20 тысяч долараў. Менавіта на гэтую суму іх аштрафавалі за ўвесь 2017-ты год. Пры гэтым цяпер журналістка Любоў Лунёва праз немагчымасць сплаціць назапашаныя штрафы, зрабілася невыязною з Беларусі.

Юлія Лабанава, «Белсат»