Аб'ектыў 14.04.2018 Бацькі з Магілёва змагаюцца за беларускамоўную адукацыю дзяцей


У Магілёве абмеркавалі пашырэнне беларускамоўнай адукацыі. З гэтага года ў абласным цэнтры адчыняюцца дзве беларускамоўныя групы ў дзіцячых садках. Бацькоў заахвочваюць актыўна падаваць заявы на атрыманне адукацыі па-беларуску.

У Магілёве, дзе жывуць каля 400 тыс. чалавек, працуюць толькі тры беларускамоўныя класы. Усе яны з малой напаўняльнасцю – ад аднаго да чатырох вучняў. Штогод грамадскія арганізацыі ды ўлады збіраюцца за круглым сталом, каб акрэсліць і развязаць праблемы беларускамоўнага навучання.

«Калісьці беларускамоўная адукацыя ў Магілёве была ў пачатку 2000-х знішчаная гвалтоўна адміністрацыйнымі метадамі. Толькі перадусім адміністрацыйнымі метадамі яна можа зноў адрадзіцца», – мяркуе старшыня Таварыства беларускай мовы ў Магілёве Алег Дзьячкоў.

Чыноўнікаў ад адукацыі ды культуры пачалі запрашаць за тыдзень да круглага стала, але шмат хто сказаў, што без загаду зверху – не пойдзе. Затое на абмеркаванне прыйшла намесніца старшыні гарвыканкаму Ала Галушка.

«Бацькі, якія жадаюць аддаць дзяцей, для вас падрыхтаваная база: дзіцячы садок № 79 і дзіцячы садок № 93 гатовыя прыняць усіх ахвотных на навучанне і на выхаванне на беларускай мове», – звярнулася да бацькоў прадстаўніца гарвыканкаму.

Садочкі для набору беларускамоўных групаў абраныя так, каб забяспечыць пераемнасць у адукацыі: побач са школамі, дзе ўжо існуюць беларускамоўныя класы. У Ленінскім раёне гэта сярэдняя школа № 1, а ў Кастрычніцкім – сярэдняя школа № 34.

«Мы сутыкнуліся з вялікай праблемай – з адсутнасцю падручнікаў, і мы просім нам дапамагчы ў гэтым», – кажа дырэктар сярэдняй школы №34 Ігар Якіменка.

Праблему з падручнікамі на беларускай мове развязаць прасцей, чым з напаўняльнасцю класаў. Хаця і тут ёсць прагрэс: за два гады колькасць вучняў у класе вырасла з двух да чатырох.

Настаўніца ў сярэдняй школе № 34 Лідзія Ціханоўская заўважае:

«Самая галоўная праблема – у тым, як падрыхтаваць саміх настаўнікаў, якія будуць выкладаць у сярэднім звяне нашай школы, гэтых дзяцей будуць вучыць».

Сваёй настаўніцаю ды навучаннем у беларускамоўным класе ў 34-ай школе бацькі задаволеныя. Кажуць, пры малой колькасці вучняў, да кожнага – індывідуальны падыход.

«Паводле канстытуцыі мы яшчэ можам атрымліваюць адукацыю на той мове, на якой жадаем, і мы пажадалі на беларускай, і дамагліся гэтага навучання», – дзеліцца Галіна Турандзіна, маці вучаніцы беларускамоўнага класу.

Ганна Самойленка, маці іншай вучаніцы кажа:

«Калі няма мовы, няма народу. Як толькі мы здрадзім сваёй мове, мы здрадзім сабе».

Гарадскія чыноўнікі не хочуць ґвалтоўна ствараць беларускамоўных групаў і класаў, але абяцаюць, што калі вырасце попыт з боку бацькоў, то такія групы і класы адчыняцца будуць.

Вольга Васільева, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары