Аб'ектыў 12.05.2018 Бацька школьніцы, з якой ідэолаг зняў георгіеўскую стужку, называе такія дзеянні крыміналам


Абураны бацька слуцкай школьніцы, з якой 9 траўня знялі георгіеўскую стужку, лічыць дзеянні школьных ідэолагаў крымінальным злачынствам.

«Гэта агульная ідэалогія. І перамога агульная, адная на ўсіх. Гэта сімвал перамогі, нашыя дзяды насілі гэтыя стужачкі», – кажа Генадзь Дубоўскі.

Гэтак бацька слуцкай школьніцы тлумачыў ідэолагам уласнае бачанне важнасці георгіеўскай стужкі, якую знялі з яго дачкі. Хоць метадыстка Алена Таманава станоўча ставіцца да гэтае сімволікі, выбачацца за свае дзеянні яна не збіраецца.

«Георгіеўская стужка – акцыя расейскага саюзу моладзі. Нашая бутаньерка – акцыя беларускага саюзу моладзі. У Расеі мусяць быць свае акцыі, у нас – свае. Мы можам іх падтрымліваць, але не ўшчамляць сваёй годнасці», – паведаміла ў каментары nn.by метадыстка слуцкага аддзелу адукацыі Алена Таманава.

Падзелу ж на «сваё» і «чужое» упарта не бачаць тыя, хто як раз і прапагандуе гэтак званы рускі свет. Георгіеўская стужка – яскравы прыклад імперскай ідэалагемы. Хоць большасць людзей і асацыюе сімвал з перамогай у Вялікай Айчыннай, сваё сучаснае аблічча стужка набыла толькі ў 2005-м. Ініцыятыва расейскіх «РИА Новостей» і «Студенческой общины» як адказ на памаранчовыя рэвалюцыі хутка набыла папулярнасць на постсавецкай прасторы. І ўжо ў 2014-м пад аранжава-чорнымі колерамі расейцы завіталі ў Крым. А сёння георгіўскую стужку актыўна выкарыстоўваюць на акупаваным Данбасе. Заклікі «павяжы, калі памятаеш» гучаць і ў Беларусі.

«Вельмі многія беларусы разумеюць небяспеку. Многія беларусы, на жаль, паддаўшыся прапагандзе, абалваньванню тэлебачання, лічаць рускі свет часткай сябе і сябе – часткай рускага свету», – адзначае старшыня Беларускай хрысціянскай дэмакратыі Павел Севярынец.

Пытанне сімволікі – заўжды неадназначнае. Калі гвардзейская стужка і мае наўпроставае дачыненне да перамогі (яе замацоўвалі да ордэнаў і медалёў), то сённяшняя, георгіеўская, сталася прадметам гістарычных маніпуляцыяў ды сімвалізуе хутчэй імперскія ды нават мілітарыстычныя амбіцыі рускага свету, – кажуць адмыслоўцы.

Небяспеку гэтага пачынае разумець і дзяржава. Пасля анексіі Крыму ў Беларусі стварылі сваю стужку – чырвона-зялёную бутаньерку з яблыневай «кветкай вялікай перамогі». Апошнім часам улады намагаюцца прыватызаваць і адносна новае шэсце «Бессмяротны полк», прапануючы замест яго свой адпаведнік – «Беларусь памятае». Удзельнікі акцыяў Сваймі дзеяннямі Лукашэнка губляе манаполію на прарасейскасць ды набывае сабе новых ворагаў, кажуць эксперты.

«З’явілася палітычная сіла (мы ўпершыню яе адкрыта ўбачылі на вуліцах), якая можа ставіць ультыматумы беларускім уладам, якая можа паказваць сваю незадаволенасць і якая можа патэнцыйна карыстацца падтрыманнем Расеі», – мяркуе палітолаг Алесь Папко.

Шараговыя ж грамадзяне рускага свету не баяцца, але асцерагаюцца.

«Там шмат лухты, гэта навязліва, гэта несучасна. Гэта цемрашальства, вось», – упэўнена тлумачыць жыхар Менску.

Сцяпан Святлоў, «Белсат»

Глядзі таксама
Каментары