Лукашэнка паказаў свае кавуны


Ідэальная сельская гаспадарка ў Беларусі ёсць! І ўсе мы ведаем, дзе яна знаходзіцца – канешне ж, у Драздах. Напярэдадні ўвечары Аляксандр Лукашэнка з кампаніяй капалі бульбу ды збіралі кавуны ў Драздах. Толькі бульбы з участку ў паўтара гектара каля рэзідэнцыі Лукашэнкі набралі ажно 60 тонаў. Гэта рэкордная ўраджайнасць для краіны – 400 цэнтнераў з гектару! Прыкладна на траціну вышэйшая за сярэднюю на калгасных палетках сёлета.

А вось блогер Віктар Малішэўскі, які спецыялізуецца на выяўленых у лічбах дасягненнях і правалах уладаў, сёлетнім ураджаем у Драздах не надта каб і ўражаны: да прыкладу, у 2015-м Лукашэнка збіраў з гектара ажно 439 цэнтнераў бульбы! Хаця, заўважае блогер, і тут дзейнічае залатое правіла: галоўнае – не хто як саджае ды затым збірае, а хто як… падлічвае. Каментуе Віктар Малішэўскі, блогер, antijournalist.by:

«Да прыкладу, летась было пасаджана тры гектары бульбы – і было сабрана так нармальна: 350 цэнтнераў з гектару!! А ў гэтым годзе чамусьці паўтара пасадзілі, хаця сабралі і больш!»

Між тым падагравае ўражанні і зайздросная для сярэднестатыстычнага 64-гадовага беларуса зухаватасць Лукашэнкі. Ці то цягам працоўнага дня не надта стамляецца, што ўвечары яшчэ і бульбу з кавунамі збірае, ці то… Сваім меркаваннем падзяліліся жыхары Менску:

«Чалавек беражэ сябе, напэўна. Па дактарах ходзіць своечасова – не так, як некаторыя».

«Можа яму гэта сапраўды падабаецца. А можа ён хоча гэтым нешта паказаць».

«Гэта вясковы чалавек, ён прывык на зямлі працаваць усё жыццё».

«Я думаю, гэта піяр, чыста паказуха! Для фатасесіі пазбіраў – і ўсё!»

Зрэшты, у адрозненне ад папярэдніх гадоў, сёлета ўласна выбіранне Лукашэнкам бульбы і кавуноў паказанае не было. А асноўнай ударнай сілай на полі сталіся… з дзясятак прыгожых маладых дзяўчат. Віктар Малішэўскі, блогер, antijournalist.by:

«Прэзідэнта ўжо прывезлі на палянку з сабранай бульбай. І ён папросту перабіраў бульбу і закідваў яе ў мяхі. Раней ён працаваў у полі».

«Усе разумеюць, што не гэтыя дзяўчаты садзілі кавуны і бульбу. І Лукашэнка гэтага не рабіў. Прыязджаюць людзі, якія насамрэч закасваюць рукавы і садзяць гэтыя кавуны і бульбу. Ну лагічна было б паказаць, як яны і збіраюць!» – тлумачыць палітык Анатоль Лябедзька.

Зрэшты, калі дасягненнямі са сваёй асноўнай працы пахваліцца неяк не выпадае – там калі што і расце, дык усё большая запазычанасць краіны, эміграцыя, смяротнасць насельніцтва ды залежнасць ад Расеі – дык чаму б не пахваліцца хаця б уласным гародам? Апазіцыйны палітык Анатоль Лябедзька паціскае плячыма:

«Лукашэнка губляе сваю прывабнасць. Людзі ўсё менш і менш цікавяцца самім Лукашэнкам. І таму невыпадкова ў кадры з’явіліся маладыя прыгожыя дзяўчаты: менавіта дзякуючы ім Лукашэнка і прыцягвае ўвагу да сваёй асобы, каб заставацца ў цэнтры інфармацыйнай увагі».

Ну і яшчэ адзін забіты на полі ў Драздах заяц. Як выяўляецца, і ў 64 можна і ўдзень працаваць, і ўвечары пасля працы вакол бульбы скакаць. Які заслужаны адпачынак, спадарства?! Пенсійны ўзрост можна яшчэ падвышаць і падвышаць!

Валеры Руселік, belsat.eu

Фотаздымак на застаўцы да відэа: сайт PRESIDENT.GOV.BY