Бацька маньяка з бензапілой: Ён псіхічна хворы


Бацькі Уладзіслава Казакевіча, які з бензапілою напаў на наведнікаў гандлёвага цэнтру «Новая Еўропа», мяркуюць, што іхнага сына незаконна пакаралі турэмным зняволеннем. Бацькі маюць афіцыйную даведку, што іхны сын псіхічна хворы.

Злачынца ці хворы?

Валянцін Казакевіч адзначае, што дзіўныя паводзіны сына ў дзяцінстве спісвалі на характар. Але з цягам часу Уладзіслаў пачаў замыкацца ў сваім пакоі, а потым былі спробы скончыць жыццё самагубствам. Пасля чацвёртае спробы яго паклалі ў псіхіятрычны шпіталь. У выніку абследавання паставілі дыягназ – шызафрэнія.

«Ён мае гэтую даведку з подпісам галоўнага доктара РНПЦ «Навінкі», якая мае бестэрміновы характар. Мы выявілі, што той дыягназ, які быў пастаўлены ў РПЦ «Навінкі»: шызатыповае расстройства, некуды знікла. Як так? Медыкамі і судовымі экспертамі была па-сутнасці праігнараваная хвароба падчас заключэння экспертызы. Хворага чалавека па вялікім рахунку цкуюць псіхічна і фізічна. З яго здзекуюцца, калі казаць па-чалавечы», сцвярджае Валянцін.

Агрэсія ў турме нікуды не знікла

Не паспелі сціхнуць жарсці ў рэзананснай справе, як прагучала паведамленне, што Казакевіч, які адбываў 15-цігадовае зняволенне ў Шклоўскай калоніі, напаў на ахоўнікаў з нажом.

«Чалавек, які знаходзіўся ў так званым памяшканні камернага тыпу ці ў штрафным ізалятары, ведае, што ніякіх забароненых рэчаў, асабліва нажа ў гэтай камеры знаходзіцца ня можа, бо цягам дня там адбываюцца два ператрусы ў саміх асуджаных і ў камеры, дзе яны знаходзяцца», – звяртае ўвагу праваабаронца Андрэй Бандрэнка.

Шызафрэнія – хранічная хвароба, сама па сабе прайсці не можа

Ёсць адпаведныя методыкі лекавання, скіраваныя, каб перадухіляць выбухі неадэкватных паводзінаў. У справе Казакевіча застаецца шмат пытанняў: ці праявяць волю перагледзець справу і зрабіць паўторную судовую экспертызу з улікам хваробы пакаранага? Ці прызнаюць Уладзіслава псіхічна хворым і замест калоніі скіруюць у стацыянар? І самае галоўнае пытанне: ці здолее Следчы камітэт прызнаць сваю памылку і выправіць сітуацыю?

Любоў Лунёва, «Белсат», фота: TUT.BY