«БАСТА!» - крычалі ў Берасці і Рагачове


Нечакана 12 сакавіка жыхары Берасця з лозунгамі «Баста», «Не» дэкрэту № 3» зноў выйшлі на вуліцы гораду. Міліцыя замінала збору людзей на галоўнай плошчы, але пратэстоўцы ткнулі ім Канстытуцыю Беларусі, якая гарантуе права на мірныя сходы і пратэсты. Пасля абураныя беларусы прайшліся маршам па вуліцы Савецкай.

А некаторыя актывісты засталіся на плошчы Леніна, каб збіраць подпісы супраць дэкрэту нумар тры. Каментуе Віталь Казак, актывіст:

«Навошта выдаткоўваць грошы і карміць штрафамі гэтых бюракратычных дармаедаў? Трэба збірацца, каб было шмат людзей і па фактам казаць, патрабаваць ад іх выканання. Сёння я патрабаваў, каб сюды прыйшоў старшыня аблвыканкаму, старшыня гарвыканкаму і памочнік прэзідэнта па Берасцейскай вобласці».

Гэты лозунг гучаў сёння і ў Рагачове. Каля чатырох сотняў пратэстоўцаў сабраліся каля мясцовага выканкаму. Рагачоўцы патрабавалі адмены Дэкрэту аб дармаедстве і наракалі на адсутнасць працы з прычыны прастою на ўсіх прадпрыемствах гораду. Шмат для каго тут адзіны паратунак, каб не памерці з голаду, – праца ў Расеі.

Знявераныя жыхары Рагачова кажуць, што ўжо нічога не чакаюць ні ад мясцовых уладаў, ні ад Лукашэнкі:

«Столькі загубілі прадпрыемстваў, усё загублена, знічтожана, на плаву. Дыяпраектар такі завод, працуе на 30 адсоткаў магутнасці, малочка стаіць і ўсё скарачаюць і скарачаюць»

«У нас няма працы нідзе. Сын у мяне не працуе, дачка ў мяне не працуе, муж таксама, а яшчэ прэзідэнт дадаў паўтары гады працаваць яму».

«Ва Украіне вайна, а яны лепш жывуць. Нашыя з Брагіна ездзяць туды за прадуктамі ў Чарнігаў і праезд для пенсіянераў там бясплатны».

«Патрэбныя рэформы, працоўныя месцы, патрэбныя інвестыцыі. У нас Дыапраектар калісьці выпускаў медычнае абарудванне, а цяпер стаіць. Бязвыходнасць выводзяць людзей на вуліцу».

«Мяне гэта ўлада даслала, гэты маразм, бяздарны ўрад, беспрацоўе дастала, галеча. У нашых дзяцей няма будучыні».

Традыцыйна ў натоўпе пратэстоўцаў былі супрацоўнікі сілавых структураў у цывільным, якія ня толькі здымалі пратэсты на відэа, але і падбухторвалі людзей.

Са словаў удзельнікаў Маршу, на прадпрыемствах гораду запалохвалі звальненнямі за ўдзел у пратэсце. Да акцыі ў Рагачове далучыліся актывісты са Жлобіна і Гомля.

Каментуе Уладзімір Няпомняшчых, Абʼяднаная грамадзянская партыя, Гомель:

«Мы дабʼемся таго, што Лукашэнка пойдзе ў адстаўку. Калі любіць беларускі народ мусіць выйсці, стаць на калені і сказаць: «прасціце, я сыходжу». І з горда паднятай галавой узначаліць хакейную каманду Рэспублікі Беларусь, каб мы грымелі не ўвесь свет, ён у нас хакеіст добры».

Рагачоў закончыў сённяшнюю эстафету пратэстаў, чым паказаў, што і ў малЫх гарадах людзі гатовыя патрабаваць зменаў ад уладаў на ўсіх узроўнях.

Наста Ільіна, belsat.eu