«Басовішча мае права дыктаваць публіцы свой густ». На Беласточчыне скончыўся музычны фестываль


У польскім Гарадку на Беласточчыне скончыўся 28-мы з ліку фестываль музыкі маладой Беларусі «Басовішча». Сёлета імпрэза прайшла без удзелу гэтак званых «генералаў айчыннага року», арганізатары зрабілі стаўку на маладыя каманды.

«Басовішча мае права дыктаваць публіцы свой густ і расказваць, хлопцы, вось гэта крута, мы запрасілі, бо на гэта варта звярнуць увагу, зверніце ці не – гэта вашыя праблемы, але мы лічым гэта актуальнай музыкай у Беларусі», – кажа генпрадзюсар «Еўрарадыё», сябра журы «Басовішча-2017» Віталь Зыблюк.

Гэдлайнерамі сёлетняй імпрэзы сталі гурты AkuteNaviBand, Стары Ольса ды кіеўская каманда «Вагонаважатыя». Пераможцам конкурснай часткі напярэдадні быў абвешчаны арт-рок гурт «Тэлепорт», іхны дэбютны альбом быў прэзентаваны 2 гады таму.

«Ужо пакрысе распачынае накрываць перамога, катарсіс адбыўся, нервовасць сышла», – кажа Яўген Цярэнцеў з гурту «Тэлепорт».

«Для Акутэ Басовішча гэта быў першы крок, каб запісаць першы альбом, для нас гэта была першая прыступачку, якую мы самі для сябе прыдумалі», – кажа Раман Жыгараў з гурту Akute.

Магчыма, для «Басовішча» не стае моцнага еўрапейскага гэдлайнера, каб прыцягнуць дадатковую ўвагу да фэсту, кажуць сталыя наведнікі. Зрэшты, імпрэза некамерцыйная, і гэта таксама мае пэўныя перавагі.

«Калі мы прыязджаем на Басы, кожны раз мы адчуваем, што мы павінны нешта больш глыбокае сказаць, асабліва калі побач лес», – распавядаюць Ксенія Жук і Арцём Лукʼяненка з гурту NaviBand.

«Басовішча гэта як свята, як Новы год, гэта традыцыя шмат для каго, напрыклад, я ўжо 18 раз на Басовішчы і для мяне гэта як 31 снежня накрыць стол, так і прыехаць на Басовішча», – прызнаецца Віталь Зыблюк.

Упершыню «Басовішча» зарганізавалі ў падляскім лесе ў 1990 годзе. Гэтым разам за два дні фэст наведалі сотні фанаў беларускай музыкі. Традыцыйна медыйнымі партнёрамі «Басовішча» выступалі радыё «Рацыя», якое рабіла онлайн-трансляцыю імпрэзы, а таксама наш тэлеканал.

 

Аркадзь Несцярэнка, belsat.eu