«Баравік большы, за маю галаву!». Беларусы ў шоку ад грыбнога ўраджаю


«Баравік! Відалі, які здаравенны!». Аматарскіх відэа і фотаздымкаў з падобнымі каментарамі – процьма ў інтэрнэце. Гэтая восень асабліва шчодра абдарыла беларусаў.

«Баравік большы, чым мая галава!», – паказвае вялізарны грыб адзін з інтэрнаўтаў.

Мода на грыбы дайшла нават да «Інстаграму». Там сотні карыстальнікаў дзеляцца здымкамі сваёй здабычы.

У грыбы выправіліся і нашыя гомельскія карэспандэнты

Знайшлі – не толькі шмат баравікоў, але і шчаслівых аматараў.

Але шмат для каго дары лесу не проста забава, а крыніца прыбытку. Як у ваколіцах вёскі Зашчобʼе ў Рэчыцкім раёне, дзе на ўскрайку дарогаў можна заўважыць нямала гандляроў грыбамі.

Мясцовыя кажуць, што працы ў ваколіцах няшмат. А калі і ёсць, то на адну пенсію ці заробак выжыць практычна немагчыма.

У сезон грыбы і ягады становяцца ратункам для бюджэту

Хоць і тут не абышлося без умяшання дзяржавы. Згодна з новым Лясным кодэксам, які набыў моц летась, за збор з мэтаю продажу трэба плаціць падатак. Але тут нашчадкі партызанаў маюць свае спосабы.

«Мы стараемся станавіцца за знакам, каб мяне не чапалі. А тамака ў цэнтры ўжо баюся станавіцца. А раптам сапраўды пагоняць», – дзеляцца «лайфкахам» мясцовыя жыхары.

І пакуль дзяржава накладае новыя падаткі, прырода глядзіць на беларусаў прыхільным вокам і дазваляе карыстацца сваім багаццем напоўніцу.

Вольга Жарнасек, «Белсат»