«Балкон можа абрынуцца ў любы момант». ЖКГ збірае з людзей грошы на рамонт. І не робіць яго


Камунальнікі ўпарта не звяртаюць увагі на праблемы жыхароў аднаго з гомельскіх дамоў.

Гамяльчанка Аксана Філіпенка, якая жыве ў доме нумар 14 на вуліцы Урыцкага, шэсць гадоў таму перастала плаціць за капрамонт, тэхнічнае абслугоўванне дому і прыбіранне месцаў агульнага карыстання. Пра гэта яна афіцыйна паведаміла ў мясцовае ЖРЭУ і Міністэрства ЖКГ. Цяпер спадарыня Аксана – «неплацельшчыца».

«Яны лічаць мяне неплацельшчыцай, – кажа Аксана Філіпенка. – Я аплочваю ацяпленне, ваду, газ, інтэрнэт: усе якія ў мяне заключаны дамовы. І не аплочваю тыя працы, якія не выконваюцца».

За паўстагоддзя будынак, дзе жыве жанчына, так і не зазнаў капітальнага рамонту. Цяпер у ім цячэ дах, прамярзаюць тарцовыя сцены, у пад’ездах і кватэрах сцены ад грыбка пачарнелі ды аблупіліся. Каналізацыйныя сцёкі цякуць проста ў сутарэнне, з прычыны чаго ў пад’ездах невыносны смурод. Дом у аварыйным стане, што звонку, што знутры, сцвярджаюць мясцовыя жыхары.

«Прыйшлі з пульверызатарамі дзве жанчыны папырскалі і сышлі. Вось, такі фасад яны зрабілі. За 50 гадоў ані разу не рабіўся фасад. Вельмі страшныя балконы знізу: пліта можа абрынуцца ў любы момант, шчыліна ідзе да трэцяга паверха», – кажа жыхарка дому Алена Грынько.

Не першы год жыхары дому на Урыцкага 14 скардзяцца ўва ўсе магчымыя інстанцыі. Пісалі нават у пракуратуру. Паводле жыхароў, на іхныя скаргі прыходзяць выключна адпіскі, што рамонт з розных прычынаў не плануецца. Тым часам пражыванне ў доме звязанае нават з рызыкаю для жыцця. Бо электрашчыткі, напрыклад, у дождж залівае вадою.

«Калі ідзе дождж, то падстаўляем тазікі, залазім на гарышча і ставім тазікі, каб яно не капала», – кажа Валянціна Аскерка, адна з жыхарак.

Нягледзячы на спраўную шматгадовую аплату камунальных рахункаў, цяпер жыхары могуць разлічваць толькі на сябе.

Паводле нормаў капрамонт мусіць праводзіцца раз на 25 гадоў, то бок у доме нумар 14 на вуліцы Урыцкага ў Гомлі яго мусілі правесці ўжо двойчы.

Наста Ільіна