Бабуля просіць Лукашэнку дапамагчы: дом развальваецца, дзяржава кінула


Праблема, у развязанні якой можа дапамагчы толькі Лукашэнка. 80-гадовая Акуліна Паўлішчына жыве ў 110-гадовым доме, які разбураецца, і новага жытла атрымаць ня можа. Праўда і ў мясцовых уладаў ёсць свая рацыя.

«Як гэпнула штосьці, я выбегла з кватэры, думаю, Божухна, усё – я ж прапала. А яно высыпалася палова вакна і цэгла паляцела», – узгадвае Акуліна.

Гэтак у скароце выглядае шараговы дзень 80-гадовай жыхаркі гарадскога паселішча Камарын. Дом Акуліны Паўлішчынай сёлета адзначыў 110-гадовы юбілей, і час не злітаваўся з будынку.

Капітальнага рамонту не было ні разу

Цяпер тут пануюць цвіль і вільгаць. Дзеці даўно вылецелі з матчынага гнязда, і па дапамогу жанчына звярталася да мясцовых чыноўнікаў, а ў адказ адно.

«Гэта не робіцца ў нас, гэтага немагчыма зрабіць і ўсё, а калі будзеш шмат казаць, то ў мяне ёсць сведка, я цябе штрафану – ідзі адсюль», – з крыўдай распавядай пенсіянерка.

Слова мясцовым уладам

У выніку доўгіх спробаў дагрукацца да чыноўнікаў жанчыне запрапанавалі пераехаць у мясцовы дом састарэлых. Такі варыянт пенсіянерка выключае і патрабуе абмену, хоць бы і на аднапакаёвую кватэру. Чыноўнікі паціскаюць плячыма.

«Яна не хоча, разумееце, яна хоча добраўладкаваную кватэру, ну вы прабачце, але ў мяне ў вёсках пражываюць людзі па 90-93 гады і няма цэнтралізаванага ацяплення. Жывуць на печках, мы ім таксама дапамагаем», – тлумачыцца старшыня мясцовага сельсавету Віктар Свіслоўскі.

Іншым шляхам атрымаць лепшае жытло немагчыма, бо нягледзячы на свой стан, дом, які спадарыня Паўлішчына арандуе ў дзяржавы, не лічыцца аварыйным. Праваабаронца Алесь Яўсеенка мяркуе, што гэта мясцовыя ўлады мусяць заняцца станам дому, а не 80-гадовая жанчына. Бо «Дэкларацыя аб сацыяльнай дзяржаве, у рэальнасці не праяўляе сябе ніяк», – падкрэслівае Алесь.

Акуліна Паўлішчына звяртаецца да Аляксандра Лукашэнкі

«Прашу, каб ён мне аказаў дапамогу і даў мне жытло ў якім я змагу пражыць паўгады і пражыву ў добрым стане хаця б паўгады, хай забярэ гэта і дасць мне аднапакаёвую», – просіць пенсіянерка.

У чаканні ж водгуку жанчына будзе ўласнымі сіламі ратаваць свой векавы дом. Трэба не толькі дроваў назапасіць на месяцы наперад, але і шпалеры паклеіць, што адвальваюцца прынамсі раз на год.

«Куды мне ісці ўжо, куды, хіба на той свет», – журботна падсумоўвае размову з «Белсатам» спадарыня Паўлішчына.

Усевалад Шлыкаў, «Белсат»