Бабчанка «уваскрэс». Служба бяспекі Украіны распавяла пра спецаперацыю


Аркадзь Бабчанка – жывы. Больш таго – стаўся героем аперацыі Украінскіх спецслужбаў. Прэзідэнт Парашэнка ўжо павіншаваў расейскага журналіста і СБУ з бліскучым вынікам. І дадаў, цытата, што ўкраінскія праваахоўныя органы з кожным днём становяцца ўсё больш моцныя ў супрацьстаянні расейскай агрэсіі.

«Я вельмі хацеў бы падзякаваць Службе бяспекі Украіны за тое, што выратавалі маё жыццё»

Замест забойства – аперацыя ўкраінскіх спецслужбаў. Расейскі журналіст Аркадзь Бабчанка жывы. Пра гэта ён сам паведаміў падчас брыфінгу Службы бяспекі Украіны. І папрасіў прабачэння ў родных, сяброў і калегаў.

«Я ведаю гэтае млоснае адчуванне, калі даводзіцца хаваць калегаў. Прабачце, што прымусілі вас гэта перажыць. Але па-іншаму было проста нельга. Асобна я, вядома, хацеў бы папрасіць прабачэння ў маёй жонкі – за тое пекла, што яна прайшла за гэтыя два дні», – сказаў Аркадзь Бабчанка.

Аперацыю рыхтавалі два месяцы. Сам Бабчанка пра яе даведаўся месяц таму. У выніку затрымалі асобу, якія рыхтавала напад на журналіста і, імаверна, шэраг тэрактаў на тэрыторыі Украіны.

«СБУ было вызначана, што падрыхтоўка да тэрарыстычнага акту адносна Бабчанкі ёсць толькі адным элементам аперацыі спецслужбаў Расеі. Яна скіраваная на фізічнае знішчэнне грамадзянаў Расеі, якія з-за сваіх палітычных перакананняў былі вымушаныя пакінуць тэрыторыю краіны. (…) Для рэалізацыі гэтага цынічнага плану расейскія спецслужбы завербавалі грамадзяніна Украіны – першая літара ягонага прозвішча Г», – распавёў кіраўнік Службы бяспекі Украіны Васіль Грыцак.

Тры тыдні на выкананне замовы

Ён меўся за ўзнагароду, трыццаць тысяч долараў ЗША, знайсці выканаўцу забойства. Падчас брыфінгу прадэманстравалі відэа з перадачай грошай.

«На выкананне гэтай замовы далі тры тыдні. Пасля пачалі падганяць, і падганялі хіба да Лігі чэмпіёнаў. Мне даводзілася неяк ухіляцца – то я нагу зламаў, пасля давялося з’ехаць. Усё мусіла быць не ўчора – гэтак проста супала», – падзяліўся акалічнасцямі справы Бабчанка.

Інфармацыя пра смерць Бабчанкі зʼявілася напярэдадні ўвечары. Паведамлялася, што журналіста забілі ў Кіеве – на парозе ўласнай кватэры.

«Ягоная жонка была дома, калі пачула, што нешта бахнула. Выйшла з ваннага пакою і пабачыла, што ён ляжыць у лужыне крыві. Пасля – выклікала хуткую. І, на жаль, ён памёр у машыне хуткай дапамогі», – паведамляў у дзень «забойства» прадстаўнік паліцыі Яраслаў Тракала.

Кіраўнікі міністэрстваў замежных справаў Расеі і Украіны паспелі абмяняцца ўзаемнымі абвінавачаннямі.

«Разуменне аналагічных выпадкаў прымушае нас думаць пра тое, што Расея выкарыстоўвае і іншыя віды тактыкі для дэстабілізацыі Украіны, у прыватнасці, праводзіць тэракты, падрыўную дзейнасць і палітычныя забойствы», – адзначыў Павел Клімкін, міністр замежных справаў Украіны.

«Нашыя ўкраінскія суседзі цешацца поўнай беспакаранасцю з боку сваіх заходніх куратараў і цалкам ігнаруюць парады тых жа куратараў пра тое, як наводзіць парадак у сябе дома. Бо ведаюць, што Украіна ім патрэбная, заходнім куратарам, дзеля таго, каб прасоўваць русафобскія погляды», – заявіў міністр замежных справаў Расеі Сяргей Лаўроў.

На гэткім фоне прэзідэнт Украіны Пятро Парашэнка загадаў забяспечыць Аркадзю Бабчанку і ягонай сям’і няспынную ахову.

Лола Бурыева, «Белсат». Фота: REUTERS / Valentyn Ogirenko / FORUM