Аб'ектыў 27.03.2018 Азаранка – у чвэрцьфінале Маямі


Пасля таго, як Вікторыя Азаранка прайшла вельмі ўчэпістую латышку Анастасію Сэваставу, прадстаўніцы Беларусі на турніры Жаночай тэніснай асацыяцыі ў Маямі, здаецца, ужо, нічога не страшна. Тым больш і стомленасць, здаецца, яе не бярэ.

У 1/8-й фіналу суперніцаю Азаранкі стала полька Агнешка Радваньска, з якой у беларускі зараз аднолькавая колькасць выгуляных індывідуальных тытулаў Жаночай тэніснай асацыяцыі. Рэйтынг Радваньскай – 32, а ў беларускі – 186.

Цікавага процістаяння не атрымалася. Кракавянка была не ў сваёй талерцы, а Азаранка дадала ў параўнанні з папярэднім двубоем і перамагла 6:2, 6:2.

Гэта была васемнаццатая сустрэча тэнісістак – і трынаццатая перамога Азаранкі. Беларуска ўсё яшчэ разлічвае на свой чацвёрты тытул у Маямі (раней яна перамагала тут у 2009, 2011 і 2016 год). У чвэрцьфінале Азаранка сустрэнецца з Каралінай Плішкавай з Чэхі. Гэта будзе паядынак былых лідарак сусветнага рэйтынгу Жаночай тэніснай асацыяцыі.

У гісторыі процістаянняў з якой Вікторыя мае перавагу – 2: 1.

Глядзі таксама
Каментары