Аб'ектыў 15.07.2017 Атмасфера «Басовішча» у рэпартажы «Белсату»


Паміж Ваўкавыскам і Беластокам, побач з польска-беларускаю мяжой ужо другі дзень грыміць і свеціцца лес.

Тут, каля польскага гораду Гарадок, ужо 28-мы раз праходзіць фестываль музыкі маладой Беларусі «Басовішча». Атмасфера свабоды і братэрства ды любоў да добрай музыкі сабралі тут і палякаў, і беларусаў, і гасцей з іншых краінаў.

«Я з Берасця прыехаў, у гэты раз на ровары. Усё вельмі класна», – распавядае хлопец, які прыехаў на фестываль.

Іншы кажа:

«Я жыву на Мазурах, гэта 200 км адсюль, і мне вельмі падабаецца, што людзі тут добра размаўляюць і спяваюць па-беларуску».

Праз візавыя абмежаванні сярод публікі палякаў не менш, чым беларусаў. А на сцэне, хутчэй, наадварот.

«З музыкаў шмат адмысловага ў гэтым годзе. Напрыклад, «Нагуаль» з Беларусі. «Старога Ольсы» яшчэ не было. »Манетны Двор« – новы праект польска-беларускі. Ці «Вагонаважатыя» з Украіны, ці таксама польскія «The Pimps», якія называюць сябе інтэлігентным хіп-хопам», – пералічвае цікавінкі арганізатарка фестывалю Лідзія Пякарская.

Для музыкаў фестываль на польскім Падляшшы – магчымасць не толькі паспаборнічаць міжсобку, але і выступіць перад новаю публікай.

«З кожным годам усё больш прыемна вяртацца сюды, расце ўзровень фестывалю», – адзначае Аляксандр Дземідзенка з гурту «RE1IKT».

У конкурсе, што прайшоў напярэдадні, перамог гурт «Тэлепорт», які выдаў свой першы альбом усяго два гады таму.

«У гэтым годзе ў конкурсе выступала 4 гурты, кожны меў свой адметны стыль, кожны прэзентаваў свой унутраны музычны свет. Але ўсё ж сябры журы вырашылі, што найважнейшае – музыка», – кажа чалец журы «Басовішча» Ілона Карпюк.

Але самае важнае, што прывязуць дадому ўдзельнікі і госці фэсту, гэта моцныя ўражанні і новыя сяброўствы.

Глядзіце таксама:

Яраслаў Сцешык, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары