Атамныя фермы Лукашэнкі намайняць крыптавалюты


Калі ў цябе толькі адная валізка без ручкі, то яе яшчэ неяк можна несці, абхапіўшы рукамі. А вось што рабіць, калі ў цябе гэткіх валізак прынамсі дзве? Былы памочнік кіраўніка Беларусі ў эканамічных пытаннях, а цяпер амбасадар у Кітаі Кірыл Руды прапанаваў адказаць на інвестыцыйны голад у айчыннай эканоміцы… стаўкаю на крыптавалюты. Літаральна – у атамных маштабах.

«Ва ўмовах чаканага лішку электраэнергіі пасля ўвядзення АЭС буйныя майнеры маглі б загрузіць беларускую АЭС», – упэўнены Руды.

Ідэя не новая

Пасля таго, як суседнія краіны адмовіліся набываць астравецкую электраэнергію, улады загаварылі то пра абавязковую электрыфікацыю айчыннай гаспадаркі, то пра народны электрамабіль. А інтэрнэт папросту расквітнеў мемамі ды жартамі пра тое, куды насамрэч можна падзець непатрэбную электраэнергію з будучай АЭС – майніць біткоіны!

«Сітуацыя з электраэнергіяй і з атамнай электрастанцыяй – гэта класічны выпадак, які яскрава дэманструе, што ў нашай краіне вельмі небяспечна жартаваць. Бо часам нехта пажартуе, а потым гэтыя жарты ператвараюцца ў рэчаіснасць», – кажа фінансавы аналітык Вадзім Іосуб.

Кансультант у аўтаматызацыі буйнога бізнесу Мікалай Маслоўскі дадае: пакуль агулам эканоміка ў краіне дзее паводле прынцыпу «Убухаў грошы, нешта там зрабіў, а потым толькі думай, як гэта прадаць» – аніякія новыя тэхналогіі банальна не спрацуюць. І законы, якія рэгулююць беларускую эканоміку, – суцэльнае мінулае стагоддзе.

Можа быць, гэта ўсё вельмі добра?

Стваральнік айчыннай крыптавалюты талер Сяргей Лаўрыненка трансфармацыю жарту ў сур’ёзную прапанову майніць на магутнасцях Астравецкай АЭС наадварот вітае.

«Добрая ідэя! Калі яна будзе прыбытковая, то чаму б і не? Так, ёсць пытанне, што рабіць з электрычнасцю з БелАЭС, улічваючы пазіцыю Польшчы і Літвы па гэтым пытанні. Таму калі б майнеры маглі браць гэтую электрычнасць і накіроўваць яе на тое, каб зарабляць грошы, якія затым застануцца ў Беларусі, плаціць кошты электраэнергіі – чаму б і не?», – мяркуе Сяргей.

Зрэшты, а якія яшчэ перспектывы могуць быць у валізкі без ручкі?

Валеры Руселік, «Белсат»