Атачэнне Аляксандра Захарчанкі ўцякае з ДНР


Баевікі гэтак званай Данецкай народнай рэспублікі цалкам перакрылі выезды з падкантрольнай ім тэрыторыі ў пошуках выканальнікаў ліквідацыі Аляксандра Захарчанкі, самаабвешчанага кіраўніка кантраляванай Масквою рэспублікі. Закрытыя ў тым ліку выезды ў Расею і ў ЛНР.

Гэтак званы прэм’ер-міністр ЛНР Сяргей Казлоў дзеля бяспекі ўцёк з Луганску. Як паведамляе омбудсман Украіны ў Данецкай і Луганскай вобласцях, людзі з асяроддзя Захарчанкі спрабуюць уцячы. Новае кіраўніцтва праводзіць масавыя арышты.

Аляксандр Захарчанка загінуў напярэдадні ўвечары ў кавярні «Сепар» у цэнтры Данецку. Расейскія медыі кажуць пра бомбу ў лямпе, актываваную праз тэлефон. Прэзідэнт Расеі афіцыйна выказаў спачуванні, але не грамадзянам непрызнанай ДНР, а людзям Данбасу.

Камандзіры баевікоў і расейскія ўлады ўжо ўсклалі адказнасць на Службу спецаперацыяў Украіны ды пагражаюць актывацыяй баявых дзеянняў праз два тыдні.

«Данецкая Народная Рэспубліка абавязкова адпомсціць за гэтае злачынства Украіне», – заявіў старшыня «Народнага савету ДНР» Дзяніс Пушылін.

Прадстаўнічка Міністэрства замежных справаў Расеі Марыя Захарава заявіла, што «Менскія дамоўленасці, якія рэалізоўваліся так цяжка, а потым мы бачылі блакаду іх з боку Кіева, сёння пад непасрэднаю пагрозаю».

Служба бяспекі Украіны пацвярджае смерць Захарчанкі, але кажа пра выбух як вынік унутраных войнаў між баевікамі. Таксама ў Кіеве кажуць пра магчымасць ліквідацыі расейскімі спецслужбамі небяспечнага сведкі. Аляксандр Захарчанка быў адным з апошніх палявых камандзіраў, датычных да стварэння гэтак званых ДНР і ЛНР. Ягонага луганскага калегу адхілілі ад улады жывым, пасля ўзброенага перавароту Ігар Платніцкі вылецеў у Маскву. Абодва лідары баевікоў мелі ў сваім атачэнні непрыкметных расейскіх афіцэраў. Платніцкі і Захарчанка не толькі мелі дачыненне да баявых дзеянняў ды здзекаў з палонных украінцаў, але з пачатку бралі пад свой кантроль мясцовыя прадпрыемствы.

Праблемы з баевікамі былі нават у Рыната Ахметава, данецкага алігарха, які ў свой час фактычна прывёў да ўлады Віктара Януковіча.

Цяпер абавязкі кіраўніка гібрыднай дзяржавы выконвае Дзмітрый Трапезнікаў, які ў свой час працаваў у футбольным клубе Ахметава «Шахцёр» і на кіроўных пасадах у розных мясцовых бізнес-структурах.

«Ідзе расследаванне, узмоцненыя захады бяспекі, перакрытыя ўсе межы. Некалькі чалавек ужо затрыманыя, яны далі паказанні. У выніку пацвердзілася, што гэта ўкраінская дыверсія», – заявіў Дзмітрый Трапезнікаў журналістам.

Яраслаў Сцешык; фота вокладкі – Alexander Ermochenko/Reuters/Forum