Асуджанага не ўзялі ў турму, бо скончыліся месцы


Судзяць асабіста і завочна, па адным і семʼямі. У менскіх судах аўрал – працягваюцца судовыя працэсы за летнія акцыі пратэсту.

Марыну Адамовіч аштрафавалі на Br 920

Жонку Міколы Статкевіча пакаралі за паўторны ўдзел у несанкцыянаванай масавай акцыі цягам года.

Суддзя не задаволіў хадайніцтва аб вядзенні працэсу на беларускай мове, і выдаліў з залы дваіх прысутных, якія заявілі, што не разумеюць расейскай мовы. А ў справе Марыны Адамовіч аказалася ажно два пратаколы, датычных да акцыі 3-га ліпеня, што ёсць парушэннем.

Сёння ж, у тым жа судзе і паводле таго ж артыкулу мелі судзіць і Мікалая Статкевіча, аднак паколькі на паседжанне ён не зʼявіўся, разгляд справы перанеслі на 9-га жніўня. Не пайшла на свой суд і актывістка Ніна Багінская.

Каму далі содні?

Зрэшты, адсутнасць днямі на судовым паседжанні Паўла Пракаповіча не перашкодзіла суддзям Цэнтральнага раёну Менску вынесці пастанову пра пакаранне яго адміністратыўным арыштам на 10 содняў. Актывіст БХД пакарання не адбывае, як і іншыя ўдзельнікі ліпеньскіх акцыяў – Максім Вінярскі, Леанід Кулакоў і Вольга Мікалайчык – якім нядаўна прысудзілі содні арышту.

«Мы хочам адсядзець да верасня, да дня вайсковай славы, каб быць на волі падчас свята, каб быць на волі падчас акупацыйных вучэнняў», – зазначыла рэжысёрка Вольга Мікалайчык.

Месцы ў турмах скончыліся!

Каб адбыць 10 содняў, якімі яго пакаралі за пікет 22-га чэрвеня ў падтрыманне палітвязняў, актывіст Леанід Кулакоў сёння нават наведаўся на Акрэсціна. Але ў СІЗА актывіста не прынялі.

«Выходзіць дзяжурны з ЦІП, кажа вас адмаўляюцца браць – няма месцаў. Смяюцца і кажуць: першы раз бачым асуджанага які сам хоча трапіць у турму», – падзяліўся цікавінкай Леанід.

Супольныя беларуска-расейскія вайсковыя вучэнні «Захад-2017» маюць прайсці з 14-га да 20-га верасня на тэрыторыі Беларусі. А на 8-га верасня Беларускі нацыянальны кангрэс прызначыў «Акцыю папярэджання магчымай агрэсіі». Яна мае адбыцца на Кастрычніцкай плошчы Менску а 18-й гадзіне.

Ірына Дарафейчук, «Белсат»