Астральныя камуністы атакуюць Беларусь


Кожны беларус мусіць быць гатовы ўзяць аўтамат! Бо глабальныя цэнтры моцы, кіраваныя масонамі-сіяністамі, плануюць знішчыць шматнацыянальную Рускую цывілізацыю! Такі ядравы кактэйль утрымлівае лекцыя, прачытаная працаўнікам ідэалогіі гарадскіх прадпрыемстваў у райвыканкаме Нясвіжу ў прысутнасці намесніка ідэалагічнай працы Аляксандра Майсені. Лекцыя – паўтары гадзіны, са слайдамі. Лектар – Андрэй Іваноў, былы выкладчык Белдзяржуніверсітэту.

Увагу на выкладчыка звярнулі журналісты газеты «Наша Ніва»

Яны высветлілі, што Андрэй Іваноў цяпер працуе ў дзяржаўным аб’яднанні «Знание». На сустрэчах з чыноўнікамі ён распаўсюджвае літаратуру ды інтэрнэт-спасылкі на створаную ў Расеі структуру КПЕ – «Курсом правды и единения». Раней гэта была расейская палітычная партыя, з ідэалогіяй, угрунтаванай на сталінізме, богадзяржаўі ды шанаванні Пушкіна.

«Гэта хутчэй арганізацыя дэструктыўнага тыпу, якая сумяшчае канспіралагічныя псеўданавуковыя ідэі, якія аб’ядноўваюцца вакол непацверджаных фактаў так званага сусветнай габрэйскай змовы», – упэўнены Дзяніс Івашын, кіраўнік Inform Napalm.

Ці існуюць масоны і сусветная змова?

Мы распыталі людзей у самым таямнічым месцы Менску – каля Дому масонаў.

«Масонская ложа – гэта такі ордэн быў раней».

«Масоны гэта найбагацейшыя людзі свету, якія ўплываюць на эканоміку».

«Супрацьстаяць ім наўрад ці варта, бо яны ў свой час займаліся развіццём культуры, захаваннем навуковых ведаў».

– мяркуюць мінакі.

Так што Іванову і ягоным паплечнікам ёсць з кім працаваць. А разам з тым і прапагандаваць рускую цывілізацыю ды вайну супраць Захаду.

«Ёсць шматнацыянальная руская цывілізацыя, або славянская, няважна. Дык вось, сёння ва Украіне ідзе неакаланіяльная барацьба, палітыка неакаланіялізму. Дзе ўзяць новых васалаў, калі яны не паддаюцца? Значыць, трэба раўняць іх танкамі, катаваць, вырываць пазногці», – даводзіць Іваноў, былы выкладчык БДУ.

Спадар Іваноў апрацоўвае чыноўнікаў і бізнесоўцаў

Разам з былым тэлевядоўцам Яўгенам Новікавым ён удзельнічаў у стварэнні гэтак званай Школы публічнай палітыкі.

«Мы будзем вучыць моладзь, найперш беларускую, умець разумець глабальныя працэсы і пагрозы», – тлумачыў мэту новай школы былы дэпутат і тэлевядоўца.

КПЕ-шнікаў лічаць крыху вар’ятамі

Так мяркуюць нават у расейскіх арганізацыях імперскай скіраванасці. Але пускаюць у Дом Масквы ў Менску – праводзіць лекцыі аб таемным уплыве на палітыку.

«І Дом Масквы, і прадстаўніцтва «Россотрудничества» з філіяламі ў Менску і Берасці, гэта своеасаблівыя інкубатары разнастайных прарасейскіх арганізацыяў у Беларусі. Яны каардынуюць і фінансуюць гэтыя прарасейскія арганізацыі», – дзеліцца Дзяніс Івашын.

Арганізацыя прыцягвае людзей, апантаных самымі рознымі ідэямі, – антыпрышчэпачнікаў, сталіністаў, адэптаў альтэрнатыўнай фізікі і банкаўскай сістэмы з нулявым адсоткам. Яны ездзяць па Беларусі і Расеі, праводзяць злёты паплечнікаў і святкуюць Дзень Перуна. Але сапраўдная небяспека – гэта прапаганда, скіраваная на падрыў суверэнітэту нашай краіны.

Яраслаў Сцешык, «Белсат», фота: mitsuki31.deviantart.com