Асацыяльная дзяржава: у Беларусі запрацавалі камісіі па дармаедах


Цяпер без падатку, але з поўнай аплатай субсідаваных паслугаў. Беспрацоўныя беларусы яшчэ не адчулі на сабе дзеянне Дэкрэту №1, аднак мясцовыя ўлады ўжо робяць першыя крокі ў гэтым кірунку. А менавіта – фармуюць камісіі пры райвыканкамах. Чаго беспрацоўным чакаць ад чыноўнікаў?

Першымі крок насустрач новаму дэкрэту зрабілі Пружанскі і Камянецкі раёны краіны. Менавіта там пры мясцовых райвыканкамах ужо сфармавалі камісіі па садзейнічанні занятасці беспрацоўных. У той жа час разгляд пастановы кіраўніка Беларусі на паседжанні Палаты прадстаўнікоў адбудзецца толькі заўтра.

«Трэба камусьці пабегчы наперадзе гэтага паравозу, каб нейкі рэгіён адзначыў, што мы ўжо стварылі гэтыя камісіі. А вось думалі яны, што гэтыя камісіі будуць рабіць? З аднога боку гэта можа быць добра, але ж вы павінны вызначыцца, што ў вас на самой справе адбываецца ў рэгіёне», – лічыць старшыня беларускага прафсаюзу «РЭП» Генадзь Фядыніч.

Фармаваць спісы незанятых у эканоміцы асобаў, а таксама вызначаць, каму плаціць за аграванне, газ і цёплую ваду па поўных тарыфах, а хто – у цяжкай жыццёвай сітуацыі, будуць прадстаўнікі дзяржаўнага сектару: мясцовыя дэпутаты, медыкі, сябры «Белай Русі», прадстаўнікі ЖКГ і Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі. Пры гэтым аспрэчыць рашэнне камісіі нібыта будзе не магчыма.

«Гэта камісія фактычна бярэ на сябе паўнамоцтвы суда. Я сказаў бы – суд супраць дармаедаў. Правы, абавязкі, абскарджанне рашэнняў камісіі. Мала таго, гэтая камісія мае паўнамоцтвы запрасіць любую інфармацыю, нават аб асабістым жыцці, у любым органе, у любой структуры», – распавядае праваабаронца Алег Волчак.

Аднак не толькі суддзі, але і так бы мовіць – выхавацелі. У абавязках сябраў камісіі – «арыентаваць» грамадзянаў на легальную дзейнасць. То бок тых, хто не можа знайсці працу па спецыяльнасці, будуць матываваць прайсці курсы перападрыхтоўкі або адкрыць свой бізнес, каб плаціць падаткі. Возьмуцца і за асобаў, якія вядуць асацыяльны лад жыцця. Рашэннем камісіі іх будуць накіроўваць ЛТП.

«Як можа камісія вывучыць стан чалавека, яго фінансавы, душэўны, абставіны сямейныя? Гэта можна падчас папярэдняга следства, калі я працаваў следчым, мы правяралі, вывучалі. Але тут, пры такіх вялікіх пачках спраў. Хутчэй за ўсё будуць вялікія пачкі. Мы ведаем – рэгіёны фактычна вымерлі. Без працы я маю на ўвазе», – кажа Волчак.

Буйныя пратэсты грамадзянаў летась выклікаў Дэкрэт №3, абавязаўшы беспрацоўных плаціць падатак. Паводле праваабаронцы Алега Волчака, новая яму замена гэтак жа можа выклікаць абурэнне людзей. Бо ў выпадку, калі працоўных месцаў больш не становіцца, а сябры камісіяў маюць права кантраляваць грамадзянаў і падштурхоўваць да працы праз аплату субсідаваных дзяржаваю паслугаў, – парушае канстытуцыйныя правы і выклікае напружанне ў грамадстве.

Юлія Лабанава, «Белсат»