Арыштавалі аўтамагната Віталя Арбузава


Люксавыя красоверы аўдзі – Audi Q5 і Audi Q7, незалежна ад месца іх вытворчасці ўва ўсім свеце аб’ядноўвае тое, што ўсе яны маюць тармазныя масты з маркаю «выраблена ў Беларусі».

95 % прадукцыі ідзе на экспарт

Вытворчасцю тармазных мастоў для аўдзі, а таксама фольксвагена ды фіята займаецца «Fenox Global Group», заснаваная беларускім бізнесоўцам Віталём Арбузавым у 1989 годзе. У беларускіх, расейскіх, нямецкіх ды сінгапурскіх філіялах кампаніі працуе больш за 7 тысячаў чалавек. І, хоць ільвіная доля яе вытворчасці вырабляецца на менскім заводзе аўтамабільнай камплектацыі, 95 % прадукцыі ідзе на экспарт.

Апошнія тры гады Арбузаў заняўся венчурнымі інвестыцыямі ў стартапы Амерыкі ды Азіі. Нечаканы арышт бізнесоўца на радзіме здарыўся на фоне рэгулярных абяцанняў бізнес-лібералізацыі ў Беларусі з боку ўладаў.

«У найбліжэйшы час мы ўчынім рэвалюцыйныя рашэнні па прадпрымальніцтве і па бізнесе. Мы ўвогуле разняволім і гэты бізнес, які ў Рэчыцадрэў, і маленькі бізнес», – абяцаў Лукашэнка.

Праваабаронца Андрэй Бандарэнка, які займаўся буйным бізнесам у галіне будаўніцтва, лічыць, што кампанія арыштаў бізнесоўцаў нівелюе карысць ад ліберальнай рыторыкі ўладаў. У 2009 годзе ён сам трапіў за краты паводле абвінавачання ў эканамічных злачынствах. У 2011 годзе Менскі гарадскі суд яго апраўдаў, але на той момант прадпрымальнік правёў два гады за кратамі ды страціў свой бізнес.

Раней сёлета, паводле абвінавачання ў хабары, арыштавалі бізнесоўца Аляксандра Кныровіча, які паслядоўна выступаў за эканамічныя рэформы. Летась за кратамі пабываў і блізкі да Аляксандра Лукашэнкі камерсант Юрый Чыж, але яго вызвалілі пасля аплаты неназванай сумы ў якасці кампенсацыі шкоды дзяржаве, якую яму інкрымінавалі.

Станіслаў Івашкевіч, Менск