Апоўзні разбураюць гару Гедыміна з усіх бакоў


Урад Літвы занепакоены станам адной з галоўных славутасцяў краіны – гарой Гедыміна. Апоўзні разбураюць яе з усіх бакоў. Аб’ект закрылі да наведвання турыстаў, на ім праводзяць працы па ўмацаванні глебы. Ход правядзення працаў абмеркавалі на выязным паседжанні Парламенцкага камітэту па культуры.

Сімвал сучаснае Літвы ды гістарычны помнік Вялікага Княства Літоўскага, гара Гедыміна, цярпіць ад разбурэнняў. Апошні апоўзень на паўднёва-ўсходнім схіле быў зафіксаваны сёння.

«Вельмі шмат ападкаў, у 2,5 разы больш, чым было ў сярэднім, і гара не вытрымлівае гэтай колькасці вады. Тыя захады, якія цяпер робяцца, – капітальныя, у будучыні праблемаў не будзе», – кажа старшыня камітэту Сейму па культуры Рамунас Карбаўскіс.

Выпадкі, калі прыродныя катаклізмы наносілі сур’ёзныя страты гары Гедыміна, мелі месца і раней. Летась у лютым у выніку апоўзня на паўночным схіле разбурылася частка падпорнай сцяны. Сёлета ж у сакавіку ды ліпені дэфармацыю двойчы зазнаў і паўднёва-ўсходні схіл. На тэрміновае ўмацаванне сімвалу краіны ўрад Літвы вылучыў 3 мільёны еўраў. Аднак паспяхова выканаць працы перашкодзілі восеньскія ападкі. Занепакоенасць праблемаю выказала прэзідэнт краіны Даля Грыбаўскайце.

«Пры цяперашняй кліматычнай сітуацыі, багатых ападках, відаць, трэба карэктаваць гэтыя планы, зрабіць працы больш інтэнсіўнымі, паскорыць іх. Прырода прымушае нас (…) мяняць планы, прынятыя восенню, і адаптаваць іх да новых праблемаў і выклікаў», – заявіла Даля Грыбаўскайце.

Акрамя залеваў рызыкі дадаюць і падземныя воды. Таму за станам гары Гедыміна стала назіраюць гідролагі. Перадухіліць пры гэтым апоўзні немагчыма: на гару было завезена шмат непрыроднага грунту, які непрадказана рэагуе на ўздзеянне вады.

«У цяперашні час праводзяцца работы дзеля ўпарадкавання гары, рыхтуюць гару да зімы, каб паменшыць колькасць апоўзняў», – кажа віцэ-міністр культуры Рэналдас Аўгусцінавічус.

«Ужо ўвесну будзе зялёная трава над першым апоўзнем, заканчваюцца працы, а ўвесну пасеюць траву. А на іншым баку яшчэ чакаюць хіба паўтара-два гады працаў», – заявіла дырэктарка Нацыянальнага музею Літвы Біруце Кульніце.

Паводле адмыслоўцаў Міністэрства культуры, асноўныя слаі глебы не пашкоджаныя, таму вежы Гедыміна абрынанне не пагражае. Аднак уваход на яе турыстам пакуль закрыты. Абмежаваны рух пешаходаў і ля падножжа гары.

Юлія Лабанава belsat.eu