За што збілі аператара «Белсату»?


Сёння ў Цэнтральным судзе гораду Менску адбылося паседжанне ў справе супраць Андруся Козела, збітага міліцыяй падчас выбараў у саветы дэпутатаў супрацоўніка «Белсату».

Па выніках паседжання Андруся адпусцілі з залы суда, а справу адправілі на дапрацоўванне. Нашаму калегу інкрымінуюць «непадпарадкаванне міліцыянтам».

Цягам амаль гадзіны збітага напярэдадні Андруся Козела міліцыянты хавалі ў машыне. Усё выглядала гэтак, быццам яны папросту баяцца паказвацца на вочы журналістам. Нарэсьце загад быў адданы, і затрыманы аператар трапіў у судовую залу. Гэта была першая магчымасць пасля ўчорашняга інцыдэнту паразмаўляць з калегамі.

«Гэты сяржант заламаў мне палец рукі. Я сагнуўся і ўдарыўся у шкляныя дзверы. Я не ведаю, галавой ці плячом я разбіў гэтыя дзверы. Калі я ўпаў, то атрымаў тры ўдары ад гэтага сяржанта», – распавядае Козел.

Далей пайшло ўсё як і звычайна. Андрусю Козелу нават не далі магчымасці пазнаёміцца са справаю. Таму, імаверна, толькі цяпер ён даведаўся, што судзіць яго збіраюцца за непадпарадкаванне міліцыянтам. Пасля невялікага перапынку суд аднавіў працу. У якасці сведкі выклікалі працаўніка міліцыі Уладзіслава Бушынскага. Менавіта ў ім сведкі інцыдэнту распазналі асобу, якая збівала Андруся Козела.

Міліцыянт паведаміў суду, што сілу ўжылі, калі затрыманы аказаў актыўны супраціў. Са словаў Уладзіслава Бушынскага, аператар сам нанёс сабе цялесныя пашкоджанні. Пра гэта паведамлялася і на інфармацыйнай старонцы ГУУС. Тыя, хто дакладна ведае справу, назвалі такое тлумачэнне абсурдам.

«Андрусь Козел увесь час скардзіўся на кепскае пачуванне. Аднак накіраваць яго ў медычную ўстанову не дазволілі. Са словаў затрыманага, ён заставаўся на выбарчым участку ў якасці даверанай асобы аднаго з кандыдатаў на дэпутацтва. Пачаў весці відэатрансляцыю. Міліцыянты запатрабавалі спыніць здымкі, пасля збілі. Як заявіў Андрусь Козел, свае дзеянні ён лічыць законнымі», – кажа экс-кандыдат Мікалай Казлоў.

Улічваючы бясконцыя парушэнні, зафіксаваныя незалежнымі назіральнікамі ды праваабаронцамі парушэнні выбарчага заканадаўства, загад аб затрыманні, а таксама збіццё Андруся Козела, сведчыць, што кіраўнік выбарчай камісіі баяўся раскрыцця непрыемных фактаў. Пазбавіўшыся лішніх вачэй, камісія магла спакойна працягнуць сваю даўно адпрацаваную сістэму фальсіфікацыі.

Міхась Слаўнікаў, «Белсат»