Апазіцыя збяднела. Партыі не маюць чым плаціць за электрычнасць


Адпрацаваны двума дзесяцігоддзямі сцэнар выбараў, вынікі якіх, хутчэй за ўсё, не будуць легітымнымі.

Аднак, магчыма, улада прапусціць у мясцовыя саветы некалькі дзясяткаў прадстаўнікоў апазіцыі. Такі прагноз маючай адбыцца ў Беларусі кампаніі прагучаў падчас прэс-канферэнцыі правацэнтрысцкай кааліцыі, прадстаўнікі якой ужо пачалі працу.

Для ўлады праблемай стане адсутнасць цікавасці да выбараў у насельніцтва?

«Я правёў такое сацыялагічнае народнае апытанне ў Аднакласніках, якое з’яўляецца люстэркам нашага грамадства. За чатыры дні прагаласавала амаль 7 000 чалавек. З іх толькі 540 выказалася за магчымы розны фармат свайго ўдзелу. А астатнія – гэта больш за 90 %, сказалі, што яны не прымуць удзел у выбарах, таму што ў Беларусі няма сумленных выбараў», – звяртае ўвагу палітык Анатоль Лябедзька.

Афіцыйным жа вынікам мінулай кампаніі стала яўка ў амаль 80 % – дзякуючы датэрміноваму галасаванню.

І што будзе рабіць апазіцыя?

Каб палепшыць сітуацыю і наблізіць беларускія выбары да стандартаў дэмакратычных краінаў, правацэнтрысты раней прапанавалі ўладам законапраект змяненняў Выбарчага кодэксу. Ён сярод іншага прадугледжваў: гарантаваны доступ партыяў у выбарчыя камісіі, пашырэнне правоў назіральнікаў і абмежаванне датэрміновага галасавання.

«Як вядома са словаў Лідзіі Ярмошынай, улады не знайшлі часу, каб гэтыя змены рэалізаваць. Гэта азначае, што ўмовы правядзення выбараў застануцца тымі ж. У прыватнасці, і практыка падчас падліку галасоў, допуску назіральнікаў і гэтак далей. Адзінае што, выбары будуць праходзіць ва ўмовах цяжкай сацыяльна-эканамічнай сітуацыі», – канстатуе Юрась Губарэвіч, старшыня Руху «За свабоду».

«Апазіцыя сёння слабая»

Аднак нават нягледзячы на паскарэнне росту коштаў, беспрацоўе і нізкія заробкі, разлічваць на падтрыманне апазіцыі праз сацыяльны пратэст не варта. І не толькі таму што Аляксандр Лукашэнка не дапусціць сюрпрызаў.

«Апазіцыя сёння слабая, малаўплывовыя, фактычна не мае рэсурсаў. Таму што раней пэўная падтрымка ішла з-за мяжы, скажам наўпрост. А сёння, як вядома, Захад зрабіў стаўку на адносіны з тым, хто рэальна кіруе ў краіне. І апазіцыя выпала, так бы мовіць, зусім на перыферыю, у маргінэс у гэтым плане. Некаторыя партыі не маюць нават грошай за электрычнасць у сваім офісе заплаціць», – даводзіць палітычны аглядальнік Аляксандр Класкоўскі.

Выбары ў Мясцовыя саветы ў Беларусі запланаваныя на 18-га лютага наступнага года. Нягледзячы на непразрыстасць працэсу, большасць апазіцыйных партыяў краіны маюць намер удзельнічаць у іх.

Лола Бурыева, «Белсат», фота: Vasily Fedosenko / Reuters / Forum