Апазіцыя плануе пратэсты ў адказ на рэпрэсіі прафсаюзаў


Учорашні разгром сядзібы Незалежнага прафсаюзу радыёэлектроннай прамысловасці імгненна выклікаў рэакцыю дэмакратычнай супольнасці.

«Мы звярнуліся па замежных партнёраў Лукашэнкі. Мы звярнулі іх увагу на тое, што адбываецца, калі яны ідуць на саступкі», – падкрэсліў палітык Мікалай Статкевіч.

На адмысловую нараду ў Менску прыбылі прадстаўнікі вядомых палітычных і грамадскіх арганізацыяў. Галоўнае пытанне: як не дапусціць знішчэння суполкі, якая актыўна дапамагае беларусам адстойваць правы.

«Мы прынялі сёння заяву супраць дзеянняў улады і ў падтрыманне незалежных прафсаюзаў. Мы прынялі рашэнне правесці некалькі акцыяў пратэсту супраць брутальных дзеянняў улады», – падзяліўся планамі палітык Уладзімір Някляеў.

Сітуацыя застаецца надзвычай сурʼёзная

У следчым ізалятары застаецца бухгалтар арганізацыі Ігар Комлік.

Учора старшыню прафсаюзу РЭП Генадзя Фядыніча адпусцілі пасля допыту. Раней яго затрымалі працаўнікі Дэпартаменту фінансавых расследаванняў, пераадзетыя ў сантэхнікаў. У кіраўніка прафсаюзу апісалі маёмасць.

Генадзю Фядынічу і Ігару Комліку пагражае да сямі гадоў зняволення і канфіскацыя маёмасці. Цяпер яны фігуранты крымінальнай справы аб ухіленні ад выплаты падаткаў.

Паводле Камітэту дзяржаўнага кантролю, кіраўнікі арганізацыі з мэтаю асабістага ўзбагачэння адкрылі ад імя прафсаюзу рахункі ў замежных банках. Фядыніч рашуча аспрэчыў гэта.

Улады помсцяць за пратэсты недармаедаў

Акрамя прадстаўнікоў РЭП, быў затрыманы і апытаны старшыня Беларускага кангрэсу дэмакратычных прафсаюзаў Аляксандр Ярашук. Прадстаўнікі дэмакратычнай супольнасці ўжо сёння не сумняваюцца, што гэтая справа цалкам палітычная. Маўляў, улады адпомсцілі незалежнаму прафсаюзу, між іншага, за сёлетнія пратэсты недармаедаў.

Праваабаронцы і палітыкі кажуць пра запланаваны наступ на незалежныя прафсаюзы з мэтаю перадухіліць новую хвалю пратэстаў, якая можа пачацца ў восені. Напярэдадні ператрусы адбыліся не толькі ў Менску, але і ў Салігорску, у рэгіянальным аддзяленні Беларускага незалежнага прафсаюзу, а таксама ў кватэрах прафсаюзных актывістаў.

Ян Бабіцкі, «Белсат», фота: Tolochko Viktor / ITAR-TASS / Forum