Апазіцыя не дамовілася. І заклікае 1 траўня на розныя шэсці


Статкевіч заклікае выйсці на Кастрычніцкую плошчу. Іншыя палітыкі ды прафсаюзныя дзеячы прапанавалі шэсце да плошчы Бангалор.

Травень пачнецца з пратэстаў: вулічныя акцыі супраць Дэкрэту №3 і на знак падтрымання рэпрэсаваных плануюцца ў Менску, а таксама ў некаторых рэгіёнах Беларусі.

Заяўку ў Менгарвыканкам на правядзенне Маршу салідарнасці 1 траўня ўжо падалі. Сёння Беларускі кангрэс дэмакратычных прафсаюзаў і лідары апазіцыі вызначылі маршрут, па якім пройдуць удзельнікі акцыі.

«Гэта маршрут традыцыйны, па якім раней улады дазвалялі шэсці. Збор на Акадэміі навук у 16:00, шэсце да плошчы Бангалор. Прафсаюзы і тыя людзі, якія раней не выходзілі на акцыі пратэсту настаялі, каб гэта было максімальна легальна, максімальна спрыяльна і мы пайшлі ім насустрач», – кажа сустаршыня БХД Віталь Рымашэўскі.

Пратэставая вясна сёлета пачалася актыўна – тысячы людзей па ўсёй краіне выйшлі на вуліцы супраць Дэкрэту №3, але ўлады ладзілі дыялог з грамадствам звычайна з дапамогай дручкоў, арыштаў і штрафаў. Нягледзячы на ціск, прафсаюзныя актывісты не адмаўляюцца ад сваіх патрабаванняў.

«Мы патрабуем цалкам адмяніць Дэкрэт №3, таму што такога дакументу проста не павінна быць у дзяржаве. І ніякія яго змены, удакладненні не выправяць сітуацыю», – заяўляе намеснік старшыні БКДП Сяргей Антусевіч.

Акрамя Дэкрэту №3, прафсаюзны лідар звяртае ўвагу на іншыя актуальныя праблемы працоўных: »З прадпрыемстваў скарачаюць, звальняюць, не выплачваюць часам і заробкі людзям. Вось на гэтых людзей мы як раз разлічваем, што яны праявяць сваю салідарнасць«.

Жыхары Магілёва, з якімі мы паразмаўлялі, хацелі б, каб улады селі за стол перамоваў, а вось у вулічныя акцыі ўжо не вераць. «Ну а чаго мы гэтым даб’емся? Прыйдуць тры чалавекі і іх зноў абвінавацяць у тэрарызме?», – кажуць нам.

Беларускі нацыянальны кангрэс на чале з Міколам Статкевічам ладзіць 1 траўня ўласную акцыю, асобна ад аргкамітэту Маршу салідарнасці.

Статкевіч заклікае на мітынг не на Бангалор, а на Кастрычніцкую плошчу, дзе ўдзельнікі сходу прымуць рэзалюцыю з патрабаваннямі да ўладаў.

Кацярына Андрэева